Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за вашую дапамогу і служэнне на карысць парафіі і за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
1 (панядзелак) – успамін св. Юстына, мучаніка.
3 (серада) – успамін св. Караля Луангі і паплечнікаў, мучанікаў.
4 (чацвер) – Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Святая Імша а 7:00, 12:00 і 19:00.
У гэты дзень хочам шчыра памаліцца і падзякаваць Богу за кс. Алега ў 21-ю гадавіну святарскіх пасвячэнняў.
5 (пятніца) – успамін св. Баніфацыя, біскупа і мучаніка.
На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
• першы чацвер месяца. Запрашаем да малітвы ў інтэнцыях новых пакліканняў да службы Божай у святарстве і манаскім жыцці, асабліва ЛСА і бацькоў.
• першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12.00. Пасля вечаровай Імшы запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць для сем’яў.
• першая субота месяца, дзень ушанавання Беззаганнага Сэрца Марыі. Адмысловае ружанцовае набажэнства адбудзецца а 18:15.
• наступная нядзеля – першая месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на чэрвень: “Молімся аб паспяховай здачы экзаменаў для моладзі і аб быспечным і добрым адпачынку для дзяцей падчас летніх канікул”.
1. Нагадваем, што з 1 чэрвеня ў нашай капліцы змяняецца расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні св. Імша будзе а 19.00, а ў нядзелю: а 9.00, 10.30, 12.00, 19.00.
2. У чэрвені штодня запрашаем на ”Чэрвеньскае набажэнства” да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса а 18.30. У нядзелю таксама а 18:30 перад Святой Імшоў а 19:00 гадзіне.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна самастойна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
4. 6 чэрвеня ў Будславе адбудзецца святкаванне Сусветнага Дня Дзіцяці, якое ў гэтым годзе спалучана з штогадовым спатканнем першакамунійных дзяцей. Запрашаюцца дзеці з усіх дыяцэзій! Выезд у суботу 6 чэрвеня а 9:00, кошт за аўтобус – 50 руб дарослыя, 30 руб – дзеці. Дзеці, якія едуць без бацькоў патрабуюць пісьмовы дазвол, форму якога можна ўзяць у сакрыстыі. Запісы трываюць да 4 чэрвеня!
5. У нядзелю 7 чэрвеня плануецца правядзенне працэсіі Божага Цела ў Мінску. Пачатак а 9.00 гадзіне на Залатой Горцы. Сардэчна заахвочваем усіх вернікаў (у тым ліку дзяцей) да ўдзелу ў Агульнамінскай эўхарыстычнай працэсіі. Таксама павядамляем, што распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага 7 чэрвеня з 09:00 да 13:00 ва ўсіх парафіях г. Мінска адмяняюцца ўсе Імшы.
У нашай парафіі Імша будзе толькі вечарам а 19:00!
6. Згодна з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у нашай архідыяцэзіі праводзіцца акцыя “Дар сэрца для парафій у патрэбе”, мэтай якой з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятываў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіі. У сувязі з гэтым, усе ахвяраванні, якія будзем складаць у скарбонку, што каля канфесіяналу, пазначаную адпаведным плакатам, будуць прызначаныя на гэтую мэту. Акцыя трывае да 6 жніўня. Дзякуй за кожнае ахвяраванне.
7. Сёння пасля Святой Імшы а 13:30 у нашай капліцы адбудзецца дабрачынны канцэрт. Выступяць Таццяна Канарская і Назар Малышаў. Сардэчна запрашаем!
Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

