Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за вашую дапамогу і служэнне на карысць парафіі і за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

1. У маі штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.30. У нядзелю пасля Імшы а 18 гадзіне.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна самастойна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

3. У суботу 23 мая хочам падзякаваць Богу за святарскае служэнне кс. Андрэя у 20-ю гадавіну святарскіх пасвячэнняў. У гэты дзень святкуе свой дзень нараджэння с. Юзэфа. Запрашаем на святую Імшу а 19.00.

4. У наступную нядзелю 24 мая – у нашай парафіі ўрачыстасць Першай святой Камуніі а 14.00 і 16.00 гадзіне, не будзе святой Імшы а 13.30!

5. Паважаныя бацькі, заканчваецца запіс на Канікулы з Богам 2026 для нашых дзяцей. У гэтым годзе летнік адбудзецца ў Будславе для 1-4 класа (7-12 чэрвеня) і для 5-7 класа (14-18 чэрвеня). Запісацца можна да 24 мая. Анкету можна надрукаваць дома або ўзяць у сакрыстыі. У маі будзе створана ў тэлеграме група бацькоў, дзеці якіх паедуць на летнік. Там будзе пададзена дата бацькоўскага сходу перад выездам.

6. 6 чэрвеня ў Будславе адбудзецца святкаванне Сусветнага Дня Дзіцяці, якое ў гэтым годзе спалучана з штогадовым спатканнем першакамунійных дзяцей. Запрашаюцца дзеці з усіх дыяцэзій! Выезд у суботу 6 чэрвеня а 9:00, кошт за аўтобус – 50 руб дарослыя, 30 руб – дзеці. Кошт пакету ўдзельніка (дзіця) – 15 руб. Дзеці, якія едуць без бацькоў патрабуюць пісьмовы дазвол, форму якога можна ўзяць у сакрыстыі.

7. Згодна з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у нашай архідыяцэзіі праводзіцца акцыя “Дар сэрца для парафій у патрэбе”, мэтай якой з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятываў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіі. У сувязі з гэтым, усе ахвяраванні, якія будзем складаць у скарбонку, што каля канфесіяналу, пазначаную адпаведным плакатам, будуць прызначаныя на гэтую мэту. Акцыя трывае да 6 жніўня. Дзякуй за кожнае ахвяраванне.

Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.