29 сакавіка – Пальмовая нядзеля – дзень у якім мы ўспамінаем трыумфальны ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем. Як піша eвангеліст, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, «слалі адзенне сваё на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана» (Мк 11, 1–10).

Кожны тыдзень Вялікага Посту — асаблівы. І сярод гэтых тыдняў Пальмовая нядзеля — самая асаблівая, бо яе літургія значна адрозніваецца ад астатніх.

У гэты дзень Эўхарыстыя пачынаецца на вуліцы, калі святар, прачытаўшы адпаведную малітву, асвячае вербы, прынесеныя вернікамі, затым чытаецца ўрывак з Евангелля, дзе апісваецца момант урачыстага ўезду Пана Езуса ў Ерузалем. Гэтая падзея ў свой час выклікала сапраўдны фурор, сабрала вялікі натоўп, які шчыра вітаў Езуса, махаючы зламанымі галінамі і ўсклікаючы: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!”

Гэтая нядзеля асаблівая яшчэ і таму, што падчас Святой Імшы святары апранутыя ў арнаты чырвонага колеру. Здавалася б, чаму чырвонага? Падзея ж радасная!

Але тут трэба паглядзець крыху глыбей. Бо гэтая нядзеля мае другую назву — Нядзеля Мукі Пана. І сапраўды, падчас Эўхарыстыі ў гэты дзень чытаецца апісанне Мукі Пана з аднаго з Евангелляў. Падчас яе вернікам прапануецца прасачыць шлях Езуса ў апошнія дні яго жыцця, праходзячы разам з ім праз урачысты ўезд у Ерузалем, праз Апошнюю вячэру і малітву ў Гетсэманіі, праз допыт і адрачэнне апосталаў, а таксама праз Крыжовы шлях, саму Муку, здзекі і смерць на крыжы да момантаў, якія адбыліся ўжо пасля смерці Езуса. 

Гэтыя тэксты са Святога Пісання кранаюць сэрца і прымушаюць чалавека прааналізаваць сваё жыццё і задумацца, у якой ролі я бываю часцей — Марыі і іншых жанчын, што да апошняга былі блізка да Езуса, ці ўсё ж такі на баку тых, хто крыкам патрабаваў укрыжавання, або тых, хто здзекаваўся словамі і чынамі з ужо Укрыжаванага Езуса. 

Разважанне над Мукай Пана — гэта добрая магчымасць, каб чарговы раз бліжэй паглядзець на Любоў Бога да нас, бо Ён, не зважаючы на боль, які Яму прычыняем сваімі грахамі, усё роўна нас любіць і аддае сваё жыццё за нас. 

Да Вялікадня застаецца тыдзень. Яшчэ ёсць час, каб падрыхтавацца, каб выправіць тое, што трэба, і ўвайсці гатовым у перажыванне Святога Пасхальнага Трыдууму і сустрэць Уваскрасенне Пана.

             

Больш фота тут <<<<

Фота: Марына Слесарчук, Вераніка Косік

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.