
Папяльцовая серада — дзень, які распачынае перыяд Вялікага посту. Час пакаяння, у які ўступае Каталіцкі Касцёл ад сённяшняга дня, вернікі выкарыстоўваюць, каб праз малітву, удзел у пакутных набажэнствах і ўчынкі міласэрнасці падрыхтаваць свае сэрцы да самай галоўнай урачыстасці літургічнага года — Уваскрасення Пана.
Папяльцовая серада атрымала сваю назву ад абраду пасыпання галоў попелам. У літургіі гэты сімвал суправаджаюць словы святара: «Ты прах і ў прах вернешся» або «Кайцеся і верце ў Евангелле». Папяльцовая серада распачынае Вялікі пост, а як мы яго пражывём, залежыць толькі ад нас.
Вялікі пост нам дадзены для таго, каб мы задумаліся над сваім стылем жыцця. Падчас Вялікага посту існуюць пэўныя абмежаванні ў ежы і паводзінах. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах. Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 59 гадоў жыцця.
У нашай капліцы ў час Вялікага посту будуць адбывацца пакутныя набажэнствы:
• Крыжовы шлях — у пятніцу а 11:30 і а 19:30. Крыжовы шлях для дзяцей — у суботу а 13:00.
• Песні Жальбы — у нядзелю перад Святой Імшой — а 8:45 (PL) і а 11:45.
• Падчас посту ў пятніцу Святая Імша — а 7:00, пасля Крыжовага шляху а 11:30, і а 19:00.
• Велікапосныя рэкалекцыі адбудуцца 20–22 сакавіка.























