25 студзеня, у Нядзелю Божага слова, ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, запрашаюць усіх ахвотных да ўдзелу ў IV Мінскім біблійным марафоне.

Сутнасць Біблійнага марафону заключаецца ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымае анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання ў Нядзелю Божага слова, разважання над ім і дзялення з іншымі тымі думкамі, што ў яго ўзніклі пад уздзеяннем Святога Духа.

У мінулым годзе ініцыятыву падтрымала 425 чалавек, такім чынам падчас Марафону быў прачытаны ўвесь Новы Запавет і большасць Пяцікніжжа.

«Чым больш удзельнікаў, тым больш прачытаем Святога Пісання ў адзін дзень. У гэтым годзе хочам разам прачытаць усю Біблію. Няхай Слова дзейнічае ў нашых сэрцах і прыносіць добры плён»,— выказваюць пажаданне арганізатары незвычайнага марафона.

Для ўдзелу трэба запоўніць форму: IV Мінскі біблійны марафон

Нагадаем, што Папа Францішак у 2019 годзе ўстанавіў у паўсюдным Касцёле Нядзелю Божага слова з намерам, што гэта будзе дзень, асаблівым чынам прысвечаны роздуму над Святым Пісаннем і яго распаўсюджванню.

Нядзеля Божага Слова з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб дапамагчы людзям абудзіць разуменне аўтарытэту Святога Пісання ў жыцці кожнага верніка.

Адказваючы на заклік пастыра паўсюднага Касцёла, ксяндзы хрыстусоўцы прапануюць усім ахвотным (прычым не толькі з Мінска і з Беларусі) узяць удзел у IV Біблійным марафоне

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.