Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Асабліва дзякуем усім, хто адгукнуўся і прыняў удзел у адвэнтавай акцыі “Стань святым Мікалаем”. Дзякуем таксама нашым каталіцкім скаўтам, якія развезлі бэтлеемскі агонь па ўсіх парафіях нашай краіны! Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
24 снежня (серада) – вігілія Урачыстасці Нараджэння Пана.
24 снежня на змярканні ў кожным каталіцкім доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям'я, каб за вігілійнай вячэрай усім разам перажываць вялікую радасць, якую больш за дзве тысячы гадоў таму гэтая ноч прынесла ўсім людзям добрай волі, і каб вітаць прыходзячага ў свет Хрыста. Пасля сямейнага распачацця святкавання Божага Нараджэння пры вігілійным стале, запрашаем на
ўрачыстую Святую Імшу — Пастэрку а 20:00, 21:30 і 23:00.
Маем ў нашай капліцы бэтлеемскі агонь, заахвочваем, каб менавіта ад яго запаліць свечкі на вігілійным стале. Традыцыйна ў гэты дзень захоўваем пост — устрымліваемся ад мясных страваў, а падчас вігілійнай вячэры не спажываем алкаголю.
25 снежня (чацвер) – Урачыстасць Нараджэння Пана.
Парадак урачыстай Святой Імшы: 9:00 (PL), 10:30, 12:00, 18:00.
26 снежня (пятніца) — свята св. Стэфана, першамучаніка.
Дыякан, адзін з семярых памочнікаў апосталаў у ерузалемскім Касцёле. Першы, хто прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста, якая апісана ў Дзеях Апосталаў (Дз 6, 1–8, 3). Існуе надзвычайнае падабенства смерці Езуса і Стэфана: ілжывыя сведкі, смерць па-за горадам, адданне Езуса Айцу, а Стэфана — Езусу, прабачэнне забойцам. Культ святога распачаўся з IV ст., а яго імя ўзгадваецца ў Рымскім каноне.
Святая Імша — а 12:00 і 18:00.
На моцы дыспенсацыі, удзеленай Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, сёння вернікі не маюць абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў.
27 снежня (субота) — парафіяльная ўрачыстасць св. Яна, апостала і евангеліста.
Святая Імша — а 8:00 і 19:00.
Традыцыйна ў гэты дзень пасля кожнай Святой Імшы адбудзецца благаслаўленне віна.
1. Запрашаем усіх на апошнія РАРАТЫ — ранішнюю Святую Імшу ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, ад панядзелка да серады а 6:45 раніцы. Пасля Святой Імшы запрашаем на супольную Ютрань.
2. Заахвочваем паклапаціцца пра сваіх блізкіх і знаёмых хворых, хто не мае фізічнай магчымасці прыходзіць у касцёл, каб запрасіць да іх святара з сакрамэнтамі.
3. Запрашаем усіх жадаючых да ўпрыгожвання і прыбірання нашай капліцы на Святы ў панядзелак і аўторак праз увесь дзень. Кожнаму знойдзецца нейкае заданне! Падрабязная інфармацыя яшчэ будзе ў парафіяльнай групе.
4. Просім таксама шаноўных гаспадынь дапамагчы нам прыгатаваць пачастунак на вігілійны стол на сераду 24 снежня, на якую запрашаем іншых святараў і законных сёстраў. Падрабязнасці — у сясцёр.
5. Набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага будзе ў аўторак 30 студзеня, інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку.
6. У наступную нядзелю — 28 снежня — Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. Падчас кожнай Святой Імшы будзе магчымасць аднавіць свае сужэнскія абяцанні.
7. З 2 студзеня распачынаем каляду — душпастырскія наведванні нашых парафіянаў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку ў канцы капліцы.
8. У нядзелю 18 студзеня ў нашай парафіі адбудзецца VІІІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ. Запрашаем дзяцей і моладзь! Дзяцей запрашаем прыняць удзел у конкурсе малюнкаў “Жыццё святога Максімільяна Марыя Кольбэ”.
9. У закрыстыі можна набыць аплаткі і сенца на вігілійны стол. Таксама можна на выхадзе з капліцы набыць свечкі на вігілійны стол.
10. Ёсць новы нумар часопіса «Ave Maria» і газеты «Слова жыцця» — заахвочваем да чытання каталіцкай прэсы.
Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі ў часе прыгатавання і святкавання Святаў Божага Нараджэння!

