Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, таксама шчыра дзякуем за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
4 лістапада (аўторак) — успамін св. Караля Барамэя, біскупа.
1. На гэты тыдзень прыпадае:
• першы чацвер месяца. Запрашаем да малітвы ў інтэнцыях новых пакліканняў да службы Божай у святарстве і манастве, асабліва ЛСА і бацькоў.
• першая пятніца месяца — дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама пра тое, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання (споведзі). Дадатковая Святая Імша — а 12:00. Пасля вечаровага набажэнства запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасці для сем’яў.
2. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці пра нашых продкаў, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы з 1 да 8 лістапада (актава) кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых — Нешпары — і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся).
У гэтыя дні будзе ахвяраваная Святая Імша ў інтэнцыі памерлых з выпамінкаў.
Таксама кожную сераду і пятніцу на працягу ўсяго лістапада будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
3. З 1 да 8 лістапада можна кожны дзень атрымаць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых (ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых!).
4. У сувязі з выпамінкамі за памерлых на працягу актавы, набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і малітвы да святога Юзафа на гэтым тыдні не будзе.
5. Ёсць новы нумар часопіса “Ave Maria” і газеты “Слова жыцця” — запрашаем да чытання каталіцкай прэсы. Запрашаем таксама набываць календары на новы 2026 год.
Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

