Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, таксама шчыра дзякуем за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
28 кастрычніка (аўторак) — свята свв. Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў.
У гэты дзень свае імяніны святкуе арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч — памятайма ў малітвах пра шаноўнага імянінніка.
1 лістапада (субота) — урачыстасць Усіх Святых.
Гэта свята ўсяго трыумфуючага, пераможнага, праслаўленага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнёмся і які ўшаноўваем на зямлі.
Парадак набажэнстваў:
08:00 — Святая Імша;
12:00 — Святая Імша;
18:30 — выпамінкі і Нешпары за памерлых;
19:00 — Святая Імша, набажэнства першай суботы месяца.
Урачыстасць “абавязковая” — вернікі маюць абавязак удзелу ў Святой Імшы, а таксама павінны ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы. Вернікі не маюць абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў.
1. Запрашаем далучыцца да малітоўнай ініцыятывы ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Запрашаем на адарацыю Эўхарыстычнага Цела Хрыста ў інтэнцыі навяртання ўсіх людзей, якія ў гэтую ноч аддаюць пашану злому духу, прымаючы ўдзел у розных гульнях і забавах, а таксама ў інтэнцыі перапрашэння Бога за грахі супраць Яго Любові і Міласэрнасці. Адарацыя пачнецца пасля Святой Імшы а 19:00.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1, 2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць ў закрыстыю спісы вашых памерлых. Запісаць памерлых на выпамінкі і скласці ахвяраванне можна таксама анлайн. Адпаведная спасылка — на нашым сайце jan.by. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне.
4. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці пра нашых продкаў, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды ў нашай капліцы пачынаючы з 1 да 8 лістапада (актава) кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых — Нешпары — і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся).
У гэтыя дні будзе ахвяраваная Святая Імша ў інтэнцыі памерлых з выпамінкаў.
Таксама кожную сераду і пятніцу на працягу ўсяго лістапада будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
У нядзелю 2 лістапада на могілках “Масюкоўшчына” а 15.00 адбудзецца працэсія і набажэнства за памерлых.
5. З 1 да 8 лістапада можна кожны дзень атрымаць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых (ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых!).
6. Наступная нядзеля — першая нядзеля месяца, а 13:30 — Святая Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі. Інтэнцыя Жывога Ружанца на лістапад — “За памерлых, пакутуючых у чыстцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага Аблічча ў небе”.
7. Ёсць новы нумар часопіса “Ave Maria” і газеты “Слова жыцця” — запрашаем да чытання каталіцкай прэсы. Запрашаем таксама набываць календары на новы 2026 год.
Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

