Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, якія сёння прызначаюцца на патрэбы МВДС у Гродне, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, таксама за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

8 верасня (панядзелак) — свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Паводле традыцыі, у гэты дзень адбываецца пасвячэнне зерня на сяўбу.

12 верасня (пятніца) — Урачыстасць Найсвяцейшага Імя Марыі.
Адпуст у парафіі Архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

13 верасня (субота) — успамін св. Яна Залатавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла.

1. Нагадваем, што з 1 верасня змяніўся расклад набажэнстваў: СВЯТАЯ ІМША Ў НЯДЗЕЛЮ — а 9:00, 10:30, 12:00, 13:30, 18:00; у суботу — а 8:00 і 19:00; у буднія дні — а 7:00 і 19:00.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

3. У суботу 13 верасня дзень народзінаў святкуе кс. Алег — запрашаем памаліцца за святара і павіншаваць яго на Святой Імшы а 12:00 у нядзелю 14 верасня.

4. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2025/2026 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў — 8 верасня 2025 г.

5. Сёння, у нядзелю, а 15:00 запрашаем у капліцу ўсіх кіраўнікоў і адказных за паасобныя парафіяльныя групы і суполкі на парафіяльны душпастырскі форум. Гэта спатканне дапаможа нам лепей арганізаваць новы душпастырскі год, падзяліцца сваімі радасцямі і цяжкасцямі.

6. Запрашаем новых кандыдатаў да Літургічнай Службы Алтара. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычныя хоры нашай парафіі, а таксама ў парафіяльны хор і польскі хор «BARKA». Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў і ЭРМ. Запрашаем у польскую школу Яна Паўла ІІ нашай парафіі. Усе падрабязнасці і запісы — у закрыстыі.

7. Распачынаем заняткі для тых, хто хоча стаць кантарам і арганістам. Заняткі праводзіць Алёна Кот. Заняткі, індывідуальныя ці групавыя, будуць адбывацца ў капліцы 2 разы на месяц па суботах. Каб запісацца і даведацца падрабязней, трэба звярнуцца да спадарыні Алёны. Першыя заняткі — 4 кастрычніка.

8. У сераду пасля Святой Імшы а 19:45 запрашаем на працяг катэхез для дарослых.

9. У пятніцу а 20:00 на Лідскай адбудзецца біблійнае спатканне для дарослай моладзі (25–35 гадоў). Сардэчна запрашаем!

10. У наступную нядзелю пасля вечаровай Святой Імшы запрашаем моладзь і студэнтаў на малітоўнае чаванне на пачатак новага навучальнага года.

Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.