Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, таксама дзякуем за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
19 чэрвеня (чацвер) — урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Святая Імша — а 7:00, 12:00 і 19:00.
21 чэрвеня (субота) — успамін святога Алазія Ганзагі, законніка.
1. У чэрвені штодня (у тым ліку ў нядзелю) запрашаем на чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса а 18:30. Падчас набажэнстваў будзем разважаць змест энцыклікі “Dilexit nos” Папы Францішка (“Аб чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста”).
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. Трывае рэгістрацыя на пешую пілігрымку Мінск — Будслаў – 2025, якая адбудзецца 30 чэрвеня — 4 ліпеня. Запрашаем таксама запісвацца на аўтобусную пілігрымку ў Будслаў на ўрачыстасць 4 ліпеня.
4. Згодна з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у нашай архідыяцэзіі праводзіцца акцыя “Дар сэрца для парафій у патрэбе”, мэтай якой з'яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятываў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіі. У сувязі з гэтым усе ахвяраванні, якія будзем складаць у скарбонку, што каля канфесіяналу, пазначаную адпаведным плакатам, будуць прызначаныя на гэтую мэту. Акцыя трывае да 6 жніўня. Дзякуй за кожнае ахвяраванне.
Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем'ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.