Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, таксама дзякуем за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
9 чэрвеня (панядзелак) — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла.
11 чэрвеня (серада) — успамін святога Барнабы, апостала.
12 чэрвеня (чацвер) — свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.
13 чэрвеня (пятніца) — успамін святога Антонія, прэзбітэра і доктара Касцёла.

1. У чэрвені штодня (у тым ліку ў нядзелю) запрашаем на чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса а 18:30. Падчас набажэнстваў будзем разважаць змест энцыклікі “Dilexit nos” Папы Францішка (“Аб чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста”).

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

3. Трывае рэгістрацыя на пешую пілігрымку Мінск — Будслаў – 2025, якая адбудзецца 30 чэрвеня — 4 ліпеня. Запрашаем таксама запісвацца на аўтобусную пілігрымку ў Будслаў на ўрачыстасць 4 ліпеня.

4. Нагадваем, што з 1 чэрвеня ў нашай капліцы змяніўся расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні Святая Імша — а 19:00, а ў нядзелю — а 9:00, 10:30, 12:00, 19:00.

5. У наступную нядзелю, 15 чэрвеня, плануецца правядзенне працэсіі Божага Цела ў Мінску. Пачатак — а 9:00 на Залатой Горцы. У нашай парафіі не будзе Святой Імшы а 9:00, 10:30 і 12:00.

6. Згодна з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у нашай архідыяцэзіі праводзіцца акцыя “Дар сэрца для парафій у патрэбе”, мэтай якой з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятываў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіі. У сувязі з гэтым усе ахвяраванні, якія будзем складаць у скарбонку, што каля канфесіяналу, пазначаную адпаведным плакатам, будуць прызначаныя на гэтую мэту. Акцыя трывае да 6 жніўня. Дзякуй за кожнае ахвяраванне.

7. Сёння, 8 чэрвеня, можна атрымаць поўны адпуст за прачытанне гімна “Veni, Creator” (“Прыйдзі, Стварыцель”).

Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.