Стала ўжо добрай традыцыяй, што 1 мая з розных куточкаў Беларусі едуць у Будслаў пілігрымы. Удзельнікі рухаў і супольнасцяў збіраюцца ля стоп Божай Маці, каб разам, як дзеці адной вялікай сям’і, правесці час у малітве, добрых размовах і сумесным адпачынку.

Сустрэча распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанцовым набажэнствам. Разважанні над радаснымі таямніцамі падрыхтавалі ўдзельнікі Легіёна Марыі і Жывога Місійнага Ружанца. У гэты час святары неслі паслугу ў канфесіяналах, каб кожны мог паяднацца з Панам у сакрамэнце споведзі.

Апоўдні распачалася Святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку іерарх прывітаў святароў, канcэкраваных асоб, удзельнікаў спаткання і мясцовых парафіянаў. Ён зазначыў, што сёння прысутныя выбралі «лепшую частку»: замест пікнікоў і агародаў — супольную сустрэчу з Езусам Хрыстом і Яго Маці.

Падчас гаміліі біскуп Юрый зазначыў, што 2025 год — Юбілейны, а Будслаўская святыня — храм, дзе сёння можна атрымаць асаблівы адпуст.

Разважаючы над дэвізам Юбілейнага года — «Пілігрымы надзеі», пастыр адзначыў, што пілігрым — гэта кожны вернік, а мэта нашай пілігрымкі — вяртанне ў дом Айца.

Надзея ж нараджаецца менавіта з веры ў Пана Бога. Уваскрослы Хрыстос кожнаму дорыць надзею на дасягненне Божага Валадарства.

Таксама была адзначана важнасць у Касцёле кожнага рэлігійнага руху і кожнай супольнасці.

«Вы ўсе ствараеце адну вялікую сям’ю, дзе кожны выконвае сваю функцыю».

Гамілія скончылася ўрачыстым воклічам: «Хрыстос уваскрос — сапраўды уваскрос!»

Пасля заканчэння Святой Імшы прысутныя падсілкаваліся абедам. Гэта быў час для супольных размоў, дзе панавала вельмі цёплая атмасфера, нягледзячы на даволі халоднае надвор’е.

Далей адбылася прэзентацыя рухаў і супольнасцяў, а таксама канферэнцыя на тэму «Святы Ян Павел ІІ — прыклад пілігрыма надзеі», якую падрыхтаваў ксёндз Павел Эйсмант.

У гэты час дзеці пад апекай каталіцкіх скаўтаў мелі цікавую гульню. Праходзячы праз выпрабаванні, яны шукалі каштоўныя скарбы, якія духоўна і фізічна дапамагаюць пілігрымам падчас шляху. Куфар з каштоўнымі скарбамі разам з біскупам Юрыем дзеці прынеслі да алтара Маці Божай.

Потым усе разам памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, які ўзначалілі прадстаўнікі Шанштацкага руху.

Напрыканцы біскуп Юрый шчыра падзякаваў гаспадарам санктуарыя разам з кусташам ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, а таксама кожнаму, хто прыклаў свае намаганні і дапамог у арганізацыі сустрэчы.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.