Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

4 сакавіка (аўторак) – успамін св. Казіміра
Сын польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Вавельскім замку, што ў Кракаве. Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці. Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 г. у Гродне. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры. У 1602 г. Папа Клімент VIII кананізаваў яго, а ў 1950 г. Папа Пій XII абвясціў яго апекуном літоўскай моладзі. Святы з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.

5 сакавіка – Папяльцовая серада
У Рымска-каталіцкім Касцёле – гэта першы дзень Вялікага посту. Вялікі пост з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння. Гэты час «праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне павінен настроіць вернікаў на святкаванне Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве». Пакаянне выражаецца ў шматлікіх формах, найперш - праз пост, малітву, міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.
Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў.
У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.
Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.
Касцёльнае права не накладае на вернікаў абавязку ўдзельнічаць у гэты дзень у Эўхарыстыі (хоць гэта звычайная практыка, якая не павінна быць адменена без важных прычын).
Святыя Імшы а 7.00, 12.00 і 19.00.

1. У нашай капліцы ў часе Вялікага посту будуць адбывацца пакутныя набажэнствы:
Крыжовы шлях – у пятніцу а 10.30 і а 19.00 гадзіне. Крыжовы шлях для дзяцей у суботу а 13.00.
Песні Жальбы – у нядзелю перад Св. Імшой на 9.00 (а 8.40) і перад Св. Імшой на 12.00 (а 11.45).
• Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху а 10.30. Вечарам а 19.00 – крыжовы шлях і магчымасць прыняць Святую Камунію. На гэтым тыдні ў пятніцу 7 сакавіка запрашаем супольнасць “Маці ў малітве” прыгатаваць і прачытаць разважанні на набажэнства крыжовага шляху.
Велікапосныя рэкалекцыі адбудуцца 3-6 красавіка.

2. У часе Вялікана Посту, заахвочыаем усіх паклапаціцца пра сваіх блізкіх хворых і калі будзе такая патрэба, запрасіць святара з сакрамэнтамі ў дом хворага.

3. На гэтым тыдні прыпадае
першы чацвер месяца. Запрашаем да малітвы ў інтэнцыях новых пакліканняў да службы Божай у святарстве і манаскім жыцці, асабліва ЛСА і бацькоў
першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь). Пасля вечаровага набажэнства запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць для сем’яў.

4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

5. У наступную нядзелю 9 сакавіка пасля вечаровай св. Імшы запрашаем вас на сустрэчу з Паўлінай Гардзіенка - хрысціянскай спявачкай, якая піша свае спевы пра Бога і праз іх і іх гісторыі хоча падзяліцца Божай любоўю. Гэта будзе час, калі вы зможаце адчуць, як Бог дзейнічае ў нашым жыцці нават праз простыя моманты. Кожны спеў і кожнае слова закліканы натхніць, сагрэць сэрца і дапамагчы вам убачыць святло там, дзе яго раней не заўважалі. Прыходзьце, каб памаліцца разам, каб шукаць дабро, радасць і сілы для змен у сваім жыцці!

6. Сужэнствы, якiя жадаюць паглыбiць сваю духоўнасць, любоў i ўзаемапаразуменне, запрашаем далучыцца да пілатажнай суполкі END. Зацікаўленых просім скантактавацца з кс. Алегам.

7. Дарослыя, якія жадаюць прыняць сакрамэнт канфірмацыі, які будзе ўдзелены 4 мая, запрашаем запісацца ў сакрыстыі і там даведацца пра падрабязнасці прыгатавання.

8. Ёсць новы нумар часопісу “Дыялог”. Запрашаем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.