Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

22 (субота) – Свята Катэдры св. Пятра, апостала
Маецца на ўвазе катэдра не ў сэнсе касцёльнага будынку, а сама ўлада кіравання ў Касцёле, перададзеная Езусам Пятру і яго наступнікам. У старажытнасці слова «катэдра» азначала біскупскі трон, з якога адбывалася ўрачыстае навучанне. У Рыме захоўваецца біскупскі пасад, які сімвалізуе ўладу, перададзеную спачатку Пятру, a потым па чарзе ўсім яго наступнікам каля стырна Касцёла. Найбольшы аўтарытэт, якім па волі Хрыста карыстаўся Пётр сярод дванаццаці апосталаў, гарантаваў таксама i яго наступнікам асаблівае месца сярод іншых біскупаў. У гэты дзень вернікі асаблівым чынам моляцца за сённяшняга наступніка святога апостала Пятра — Папу, які з’яўляецца бачным кіраўніком Касцёла на зямлі і гарантам яго адзінства.

1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

2. Сужэнствы, якiя жадаюць паглыбiць сваю любоў i ўзаемапаразуменне, перажыць нешта незвычайнае, а таксама тыя сужэнствы, якiя маюць часовыя цяжкасцi ў сваiх адносiнах, сардэчна запрашаем прыняць удзел у Сужэнскiх Рэкалекцыях, якiя праводзiць рух "Сужэнскiя Сустрэчы". Адбудуцца яны з 7 па 9 сакавіка ў ЦЭНТРЫ “КАРЫТАС” у вёсцы Ляскоўка каля Бараўлян! Каб больш даведацца пра рэкалекцыi i запiсацца на iх, глядзiце iнфармацыю на ПЛАКАЦЕ на ўвахадзе ў касцёл!

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.