Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Дзякуем усім, хто прыняў удзел у Біблійным марафоне. У гэтым годзе нас было 425 удзельнікаў! Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
3 (панядзелак) – успамін св. Блажэя, біскупа і мучаніка
Святы Блажэй – гэта гістарычная постаць. Дакладная дата яго нараджэння невядомая. Магчыма, што ён з’явіўся на свет праз ІІІ стагоддзі пасля нараджэння Хрыста. Паходзіў, хутчэй за ўсё, з Арменіі, але, магчыма, з Цэзарыі Кападокскай. Па прафесіі быў лекарам, а па пакліканні – біскупам Себастыі. Касцёл ушаноўвае яго 3 лютага, а на працягу ўсяго года яго заступніцтва просяць тыя, у каго хваробы горла адбіраюць голас і радасць жыцця.
У дзень літургічнага ўспаміну святога Блажэя, у нашых касцёлах асвячаюцца свечкі, якія называюцца «блажэйкамі». Святар выкарыстоўвае гэтыя свечкі для ўдзялення – менавіта 3 лютага – благаслаўлення, якое павінна ахоўваць ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла. Пра святога Блажэя варта таксама памятаць, калі, прыступаючы да споведзі, мы адчуваем «костку ў горле», якая перашкаджае нам вызнаваць цяжкія грахі. Такое адчуванне можа скончыцца духоўнаю смерцю, таму трэба прасіць святога Блажэя аб дапамозе.
5 (серада) – успамін св. Агаты, пання і мучаніцы.
Маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць чыстасць і вернасць Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 г. Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой. Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў. Яе культ хутка распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а імя святой згадваецца ў Рымскім Каноне. Згодна з традыцыяй, у дзень яе ўспаміну асвячаецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада і студні.
6 (чацвер) – успамін св. Паўла Мікі і паплечнікаў, мучанікаў
Павел нарадзіўся ў 1562 г. у Японіі ў сям’і вайсковага капітана. У езуіцкім калегіуме атрымаў хрысціянскае выхаванне, а ў васемнаццацігадовым узросце сам уступіў у ордэн езуітаў. Неўзабаве ён стаў адным з найбольш вядомых прапаведнікаў у Японіі, дзе напрыканцы XVI ст. жыло каля 700 тысяч вызнаўцаў Хрыста. Аднак у 1590-я гады адносіны да хрысціянаў у грамадстве рэзка пагоршыліся і пачаўся іх суровы пераслед. Перш за ўсё рэпрэсіі ўладаў закранулі місіянераў. У студзені 1597 г. Павел Мікі і шмат яго паплечнікаў былі кінуты ў вязніцу і аддадзены на катаванне. 5 лютага на плошчы ў Нагасакі Павел і яшчэ 25 мужчын, яго свецкіх памочнікаў, былі ўкрыжаваны і так прынялі смерць, спяваючы гімны і праслаўляючы Бога. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі вялізнай колькасці хрысціянскіх мучанікаў, забітых у тыя часы у Японіі.
1. Закончылася душпастырскае наведванне сем’яў нашай парафіі. Шчыра дзякуем усім сем’ям, якія прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі Вы дзяліліся.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў
і дабрачынцаў.
3. На гэтым тыдні прыпадае
• першы чацвер месяца. Запрашаем да малітвы ў інтэнцыях новых пакліканняў да службы Божай у святарстве і манаскім жыцці, асабліва ЛСА і бацькоў
• першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12.00. Пасля вечаровай Імшы запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця
і святасць для сем’яў.
4. Айцы Марыяне запрашаюць на аўтобусную пілігрымку Мінск-Росіца, якая адбудзецца 15 лютага 2025г. Усе падрабязнасці на дошцы аб’яваў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

