Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Дзякуем усім, хто дапомог зарганізаваць Баль усіх святых, а таксама ўсім удзельнікм! Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

28 (аўторак) – успамін св. Тамаша Аквінскага, прэзбітэра і доктара Касцёла.
Нарадзіўся каля 1225 г. у Аквіне (Італія). Бацькі аддалі яго на выхаванне да айцоў бенедыктынцаў у Монтэ Касіна, пасля чаго вучыўся ў Неапалі. Уступіў у закон дамініканцаў і працягнуў вучобу ў Парыжы і Кёльне. Выкладаў філасофію і тэалогію. Лічыцца найбольшым каталіцкім тэолагам, за што яго назвалі «анёльскім доктарам». Акрамя самага вядомага твору «Сума тэалогіі», пакінуў таксама шмат іншых прац і паэтычных твораў. Св. Тамаш аддзяляў навуку ад веры, але лічыў, што філасофія мае дапаможную ролю ў адносінах да тэалогіі, бо яна рыхтуе да веры і яе абараняе. Паводле яго вучэння, праўды, якія Бог аб’явіў у Пісанні, вышэй за чалавечы розум, але не супярэчаць яму. Тэалогія і філасофія св. Тамаша з’яўляюцца адлюстраваннем хрысціянскага аптымізму: хоць мы пакінулі лад і гармонію, якія панавалі ў свеце, створаным Богам, аднак зло не змагло ні знішчыць, ні змяніць прыроду. Св. Тамаш стаў заснавальнікам найбольш вядомага кірунку ў сярэднявечнай схаластыцы — тамізму. Памёр 7 сакавіка 1274 г. у цыстэрцыянскім абацтве ў Фасанове, з’яўляецца апекуном студэнтаў і тэолагаў. Яго імем названа міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя ў Пінску.

31 (пятніца) – успамін св. Яна Боско, прэзбітэра.
Нарадзіўся ў 1815 г. непадалёк Кастэльнуова ў Турынскай дыяцэзіі (Італія). Яго дзяцінства прайшло ў вялікай беднасці, таму, стаўшы святаром, усё сваё жыццё ён прысвяціў выхаванню хлопцаў з найбяднейшых сем’яў, для якіх ствараў свае славутыя араторыі. Быў таленавітым педагогам і харызматычным выхаваўцам. Для навучання і выхавання моладзі заснаваў закон ксяндзоў салезіянаў, а таксама супольнасць Дачок Марыі Дапаможніцы разам са св. Марыяй Дамінікай Мадзарэла. Акрамя гэтага, быў заснавальнікам многіх шпіталяў, дамоў апекі і прафесійных вучэльняў. Памёр 31 студзеня 1888 г., у 1934 г. быў кананізаваны. З’яўляецца апекуном моладзі, а таксама каталіцкіх выдавецтваў.

1. Дзякуем сем’ям, якія ўжо прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы. Калядаваць будзем да канца студзеня.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў
і дабрачынцаў.

3. 30 студзеня ў чацвер пасля вечаровай св. Імшы а 19.45 адбудзецца малітоўнае чуванне да Духа Святога. Яго правядзе моладзь, якая рыхтуецца да прыняцца сакрамэнту канфірмацыі. Сардэчна запрашаем.

4. На гэтым тыдні прыпадае
першая субота месяца, дзень ушанавання Беззаганнага Сэрца Марыі. Адмысловае ружанцовае набажэнства адбудзецца а 18.15.
наступная нядзеля – першая месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на люты: Молімся аб здароўі і апецы Панны Марыі для хворых і церпячых, аб Божае благаслаўленне для медычнага персанала.

5. Айцы Марыяне запрашаюць на аўтобусную пілігрымку Мінск-Росіца, якая адбудзецца 15 лютага 2025г. Усе падрабязнасці на дошцы аб’яваў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.