Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

21 (аўторак) – успамін св. Агнешкі, панны і мучаніцы.
Была зусім маладой дзяўчынай, калі ў другой палове ІІІ ст. прыняла ў Рыме мучаніцкую смерць за веру, прагнучы захаваць чыстасць. Папа Дамас ушанаваў яе песняй, а многія Айцы Касцёла праслаўлялі яе як прыклад хрысціянскіх цнотаў. Паводле старажытнага звычаю, у гэты дзень Папа пасвячае двух ягнятаў (agnus лац. — ягнё), з воўны якіх робіцца палій — знак улады арцыбіскупа.

24 (пятніца) – успамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла.
Жыў у 1567 – 1622 гг., быў біскупам Жэневы. З’яўляецца аўтарам вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць. Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў НПМ. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле Наведзінаў НПМ у Анэсі. Св. Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога апекуном каталіцкай прэсы.

25 (субота) – Свята навяртання св. Паўла, Апостала.
З мэтаю знішчыць маладую хрысціянскую супольнасць у Дамаску Саўл ва ўзросце 34 гадоў вырушыў у гэты горад, але па дарозе туды яму аб’явіўся Хрыстус, які цалкам перамяніў усё яго жыццё, зрабіўшы сваім «выбраным начыннем» для абвяшчэння імені Божага ва ўсім свеце. Адразу пасля навяртання Павел стаў нястомна абвяшчаць Евангелле паўсюль, куды яго пасылаў Святы Дух. Паўлу ўдалося пераканаць апосталаў не чыніць перашкодаў для навяртання язычнікаў, і ўсё больш язычнікаў прымала слова Божае, праз хрост далучаючыся да Касцёла. Падчас трох місіянерскіх падарожжаў апостал абвяшчае Евангелле і стварае хрысціянскія супольнасці ў Аравіі, Сірыі, Малой Азіі, Македоніі, Грэцыі, Турцыі і інш. краінах. Неаднаразова яго жыццё было ў небяспецы падчас караблекрушэнняў; яго каменавалі, бічавалі, арыштоўвалі. Прыблізна ў той жа час, што і Пётр, Павел прыняў у Рыме мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы. Яго называюць Апосталам народаў і лічаць першым хрысціянскім тэолагам. Пасланні апостала Паўла раней за ўсе іншыя кнігі Новага Запавету пачалі лічыцца боганатхнёнымі.

1. Дзякуем сем’ям, якія ўжо прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы. Калядаваць будзем да канца студзеня.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

4. Калядная сустрэча працаўнікоў службы аховы здароў’я адбудзецца 21 студзеня а 18:30 гадзіне ў катэдральным касцёле. Сардэчна запрашаем!

5. 26 студзеня, у Нядзелю Божага слова, запрашаем усіх ахвотных да ўдзелу ў Трэцім Мінскім біблійным марафоне. Сутнасць біблійнага марафону заключаецца ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымае анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання ў нядзелю Божага слова, разважання над ім і дзялення з іншымі тымі думкамі, што ў яго ўзніклі пад уздзеяннем Святога Духа. Для ўдзелу трэба запоўніць форму: forms.google.com.

6. Ёсць новы нумар часопісу “Дыялог”. Запрашаем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.