Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

17 (пятніца) – успамін св. Антонія, абата.
Жыў у ІІІ стагоддзі ў Егіпце. Паходзіў з багатай сям’і, але раздаў сваю маёмасць бедным і пасяліўся ў пустыні. Праз пэўны час да яго пачалі далучацца іншыя пустэльнікі. Разам са святым Паўлам Пустэльнікам распачаў арганізацыю манаскага жыцця на Усходзе. Памёр, маючы сто гадоў, перад смерцю наказаўшы вучням пахаваць яго таемна, каб пазбегнуць пасмяротнай агалоскі, аднак адразу пасля смерці яго пачалі называць «Вялікім».

1. Дзякуем сем’ям, якія ўжо прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

4. У нядзелю 19 студзеня адбудзецца восьмы парафіяльны Баль Усіх Святых. Сёлетняя тэма Балю — «Надзея нас не падвядзе і да Неба давядзе». Месца правядзення — касцёл Маці Божай Будслаўскай (вул. Прытыцкага, 107а). Пачатак — а 15:00, рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца а 14:00 (дольны касцёл).
Для ўдзелу трэба выбраць святога і падабраць адпаведны касцюм. Просім запісацца на Баль у сёстраў або па спасылцы. Можна прынесці печыва або бутэрброды на супольны пасілак.
Да гэтай падзеі будзе прымеркаваны конкурс малюнкаў для дзяцей і моладзі — «Надзея ў маім жыцці». Фармат малюнкаў — А3. Неабходна падпісаць імя, прозвішча і ўзрост, а таксама дадаць кароткае апісанне малюнка і што стала крыніцай натхнення. Свае работы трэба аддаць святарам або сёстрам да 15 студзеня. Вынікі будуць абвешчаны падчас Балю.

4. Калядная сустрэча працаўнікоў службы аховы здароў’я адбудзецца 21 студзеня а 18:30 гадзіне ў катэдральным касцёле. Сардэчна запрашаем!

5. 26 студзеня, у Нядзелю Божага слова, запрашаем усіх ахвотных да ўдзелу ў Трэцім Мінскім біблійным марафоне. Сутнасць біблійнага марафону заключаецца ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымае анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання ў нядзелю Божага слова, разважання над ім і дзялення з іншымі тымі думкамі, што ў яго ўзніклі пад уздзеяннем Святога Духа. Для ўдзелу трэба запоўніць форму: https://forms.gle/A4fvcjQG3UJ7mA5g6

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.