Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, якія сёння прызначаюцца на патрэбы нашай дыяцэзіі, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, дзякуем таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
6 (панядзелак) – Урачыстасць Аб’яўлення Пана
Касцёл успамінае ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі (адсюль іншая назва свята — Тры Каралі), а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.
Святая Імша а 7.00, 12.00 і 18.00.
Пасля вечаровай Імшы запрашаем на парафіяльнае калядаванне! Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаем да удзелу сем’і і парафіяльныя групы! Просім усіх ахвотных удзельнікаў напісаць кс. Алегу, якую калядную песню будзе выконваць.
Гэта “абавязковая” урачыстасць – вернікі маюць абавязак удзелу ў святой Імшы, а таксама ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы.
З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды і кадзіла. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспер, Мельхiёр i Бальтазар. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» «Christus mansionem benedicat».
1. Ад 2 студзеня мы распачалі Каляду – душпастырскія наведванні нашых парафіянаў. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку, які знойдзем на століку, выходзячы з капліцы.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. У сераду 8 студзеня а 19.45 запрашаем на працяг катэхезаў для дарослых, а таксама на катэхетычныя заняткі дзяцей і моладзі.
4. Калядная сустрэча працаўнікоў службы аховы здароў’я адбудзецца 21 студзеня а 18:30 гадзіне ў катэдральным касцёле. Сардэчна запрашаем!
5. У нядзелю 19 студзеня адбудзецца восьмы парафіяльны Баль Усіх Святых. Сёлетняя тэма Балю — «Надзея нас не падвядзе і да Неба давядзе». Месца правядзення — касцёл Маці Божай Будслаўскай (вул. Прытыцкага, 107а). Пачатак — а 15:00, рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца а 14:00 (дольны касцёл).
Для ўдзелу трэба выбраць святога і падабраць адпаведны касцюм. Просім запісацца на Баль у сёстраў або па спасылцы. Можна прынесці печыва або бутэрброды на супольны пасілак.
Да гэтай падзеі будзе прымеркаваны конкурс малюнкаў для дзяцей і моладзі — «Надзея ў маім жыцці». Фармат малюнкаў — А3. Неабходна падпісаць імя, прозвішча і ўзрост, а таксама дадаць кароткае апісанне малюнка і што стала крыніцай натхнення. Свае работы трэба аддаць святарам або сёстрам да 15 студзеня. Вынікі будуць абвешчаны падчас Балю.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі!