Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
9 (панядзелак) – Урачыстасць Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
У гэты дзень, калі праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы, а таксама ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы.
Святыя Імшы а 6.45, 12.00 і 19.00.
13 (пятніца) – успамін св. Люцыі, панны і мучаніцы
Была забітая ў Сіракузах падчас пераследу хрысціянаў у часы імператара Дыяклеціяна, калі, нягледзячы на жудасныя пыткі, не адраклася ад веры. Яе культ распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а яе імя ўзгадваецца ў Рымскім каноне і Эўхарыстычнай малітве. Святая Люцыя з’яўляецца заступніцай сляпых і хворых на вочы, а таксама хворых дзяцей.
14 (субота) – успамін св. Яна ад Крыжа, прэзбітэра і доктара Касцёла
Нарадзіўся каля 1542 г. у Іспаніі, уступіў ў ордэн кармелітаў, а ў 1568 г., пад уплывам св. Тэрэзы Авільскай, стаў першым манахам рэфармаванага закону «босых» кармелітаў. Вызначаўся вялікай святасцю жыцця і мудрасцю, пра што сведчаць яго лісты адносна духоўнага жыцця, у якіх апісваюцца найглыбейшыя перажыванні містычнага кантакту чалавечай душы з Богам. Памёр 24 лістапада 1591 г. у Убэда.
1. Адвэнт – гэта час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта асаблівы час роздуму і выцішэння. На Адвэнт прынята рабіць пастановы, таму заахвочваем таксама і вас прыняць на сябе адвэнтовыя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духоўнага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.
2. Для больш глыбокага перажывання Адвэнту запрашаем усіх на РАРАТЫ – гэта ранішняя Святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якія служым ад панядзелку да пятніцы ў 6.45 раніцы. Пасля святой Імшы запрашаем на супольную Ютрань.
3. 13-15 снежня адбудуцца парафіяльныя адвэнтовыя рэкалекцыі, якія правядзе кс. Павел Федаровіч, мар’янін з Барысава. Падрабязны план на асобнай картцы.
4. Заахвочваем таксама ў гэтым часе паклапаціцца пра сваіх блізкіх і знаёмых хворых, хто не мае фізычнай магчымасці прыходзіць у касцёл, каб запрасіць да іх святара з сакрамэнтамі.
5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.