Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні. Дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
21 (чацвер) – успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі
22 (пятніца) – успамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы
Народжаная на мяжы ІІ і ІІІ стст. у сям’і рымскіх арыстакратаў, Цэцылія ў вельмі маладым узросце пажадала заручыцца з Хрыстом і склала шлюб чыстасці. Згодна з воляю бацькоў, яна была выдадзена замуж за паганіна Валяр’яна, якому ў першую шлюбную ноч прызналася, што сваю чыстасць ахвяравала Богу. Ёй удалося пераканаць Валяр’яна прыняць хрост, і яны пачалі разам клапаціцца пра пераследаваных хрысціянаў. Неўзабаве Валер’яна і яго брата Тыбурцыя арыштавалі і пасля катавання адсеклі галовы. Цэцылію таксама схапілі і на працягу многіх дзён катавалі. Ёй тройчы спрабавалі адсекчы галаву, але Цэцылія памерла толькі праз тры дні ад атрыманых ранаў. Гэта здарылася 22 лістапада 230 г. Цела святой было знойдзена нятленным у катакомбах Калікста ў ІХ ст. і з пашанаю перанесена ў пабудаваны ў яе гонар касцёл за Тыбрам. Захавалася паданне пра тое, што Цэцылія праслаўляла Бога спевам і ігрою на музычных інструментах, а таму яна лічыцца апякункаю касцёльнай музыкі і спеваў, а таксама музыкантаў і спевакоў.
1. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
4. З 29 лістапада па 1 снежня 2024 года ў парафіі св. Юзафа ў г. Орша біскуп Аляксандр правядзе рэкалекцыі для мужчын на тэму “Быць сведкам евангельскага радыкалізму”. Усе падрабязнасці можна знайсці на плакаце на дошцы аб'яваў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.