Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні. Дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

4 (панядзелак) – успамін св. Караля Барамэя, біскупа
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію. У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў: засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе. Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.

9 (субота) – Свята гадавіны пасвячэння Латэранскай базілікі
Калі ў 313 г. Канстанцін Вялікі выдаў эдыкт, якім афіцыйна дазволіў вызнаваць хрысціянскую веру, ён загадаў пабудаваць побач з латэранскім палацам велічную святыню ў гонар Хрыста Збаўцы, святога Яна Хрысціцеля і святога Яна Евангеліста. Яна стала першай рымскай катэдрай, а палац побач з ёю - рэзідэнцыяй біскупаў Рыма, Папаў. Яе пасвячэнне здзейсніў Папа святы Сільвестр І 9 лістапада 324 г.

1. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з 1 да 8 лістапада (актава) кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся). У гэтыя дні будзе ахвяраваная Святая Імша ў інтэнцыі памерлых з выпамінкаў.
Таксама кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
Сёння на могілках “Масюкоўшчына” а 15.00 адбудзецца працэсія і набажэнства за памерлых.

2. У сувязі з выпамінкамі за памерлых на працягу актавы, набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і малітвы да святога Юзафа на гэтым тыдні не будзе.

3. З 1 па 8 лістапада можна кожны дзень атрымаць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых, ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых.

4. Валанцёры фонду "Адкрытыя сэрцы" дзякуюць за ахвяраванні, якія збіралі ў нашай парафіі (1720 руб). Таксама запрашаюць да ўдзелу ў “Малітоўным кангрэсе ў абарону жыцця”, што адбудзецца ў Навагрудку 15-17 лістапада.

5. Ёсць новы нумар часопісу “Ave Maria”, запрашаем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.