Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні. Дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

28 (панядзелак) – свята св. Сымоня і Юды Тадэвуша, апосталаў
У гэты дзень свае імяніны святкуе арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, памятаем у малітвах шаноўнага імянінніка.

1 (пятніца) – Урачыстасць Усіх Святых
Гэта свята ўсяго трыумфуючага, пераможнага, праслаўленага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнемся і які ўшаноўваем на зямлі.
Парадак набажэнстваў:
07.00 – Святая Імша
12.00 – Святая Імша
18.30 – Выпамінкі і Нешпары за памерлых
19.00 – Святая Імша, набажэнства І пятніцы месяца і ўсяночная адарацыя ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць нашых сем’яў.

Урачыстасць “абавязковая” – вернікі маюць абавязак удзелу ў святой Імшы, а таксама павінны ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы. Вернікі не маюць абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страваў.

2 (субота) – успамін усіх памерлых вернікаў
Ушанаваўшы трыумф тых верных, якія ўжо ўвайшлі на неба, Касцёл успамінае ўсіх, хто ў чыстцы каецца за свае грахі. Каб ім дапамагчы, Касцёл прадстаўляе Пану Богу малітвы і дараванне грахоў, атрыманае праз жывых, перш за ўсё праз Ахвяру Хрыста, якая прысутнічае ў Святой Імшы. Успамін усіх памерлых вернікаў увёў абат бэнэдыктынаў у Клюні святы Адылон у 998 годзе. Вельмі хутка гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле.
Парадак набажэнстваў:
08.00 – Святая Імша;
12.00 – Святая Імша;
18.30 – Выпамінкі і Нешпары за памерлых
19.00 – Святая Імша, набажэнства І суботы месяца.

1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

2. Запрашаем далучыцца да малітоўнай ініцыятывы ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Запрашаем на адарацыю Эўхырыстычнага Цела Хрыста ў інтэнцыі навяртання ўсіх людзей, якія ў гэтую ноч аддаюць пашану злому духу, прынімаючы ўдзел ў розных гульнях і забавах. Таксама ў інтэнцыі перапрашэння Бога за грахі супраць Яго Любові і Міласэрнасці. Адарацыя пачнецца пасля Святой Імшы а 19.00 і будзе трываць да поўначы.

3. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1-2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць ў сакрыстыю спісы вашых памерлых. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне.

4. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з 1 да 8 лістапада (актава) кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся).
У гэтыя дні будзе ахвяраваная Святая Імша ў інтэнцыі памерлых з выпамінкаў.
Таксама кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
У наступную нядзелю 3 лістапада на могілках “Масюкоўшчына” а 15.00 адбудзецца працэсія і набажэнства за памерлых. Расклад малітваў за памерлых на іншых могілках Мінска можна знайсці на дошцы аб’яваў.

5. З 1 па 8 лістапада можна кожны дзень атрымаць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых, ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых.

6. Наступная нядзеля - першая нядзеля месяца – а 13.30 св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі. Інтэнцыя жывога ружанца на лістапад: За памерлых пакутуючых у чысцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага аблічча ў небе.

7. Ёсць новы нумар часопісу “Дыялог” і “Слова жыцця”, запрашаем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.