Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні. Дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
22 (аўторак) – успамін св. Яна Паўла ІІ, папы
Адбудзецца адмысловае набажэнства а 18.30 і ўшанаванне рэліквіі пасля св. Імшы.
1. Праз увесь месяц кастрычнік ў нашай капліцы адбываюцца ружанцовыя набажэнствы а 18.30 у буднія дні, у нядзелю пасля св. Імшы на 18.00. Ружанцовае набажэнства для дзетак - у суботу а 13.00.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. У чацвер 24 кастрычніка пасля вечаровай св. Імшы адбудзецца малітоўнае чуванне да Духа Святога, якое правядзе моладзь, што рыхтуецца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі. Сардэчна запрашаем!
4. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1-2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць ў сакрыстыю спісы вашых памерлых. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне. Набажэнствы за памерлых адбудуцца з 1 па 8 лістапада: у 18.30 набажэнства, а 19.00 святая Імша (нядзеля 17.30); кожную сераду і пятніцу лістапада – набажэнства ў 18.30.
5. У наступную нядзелю 27 кастрычніка ў нашай парафіі адбудзецца акцыя ў абарону жыцця. Валанцёры фонду "Адкрытыя сэрцы" будуць даваць сведчанне аб моцы малітвы ў абарону жыцця. З гэтай нагоды яны будуць збіраць ахвяраванні на будову першага ў Беларусі Цэнтра абароны жыцця ў Магілеве, на гэтую справу яны атрымалі бласлаўленне ад нашага Арцыбіскупа Юзэфа Станеўскага.
6. Ёсць новы нумар часопісу “Наша вера”, а таксама каляндары на новы год.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.