Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні. Дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, асабліва ўчора падчас прыбірання каля капліцы, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

15 (аўторак) – успамін св. Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла
Тэрэза нарадзілася 28 сакавіка 1515 г. у Авіле (Іспанія). Пасля смерці маці яна выхоўвалася ў сясцёр аўгустынак і пад уплывам «Лістоў» св. Гераніма ва ўзросце 20 гадоў сама ўступіла ў кармэліцкі кляштар у Авіле. Пасля складання манаскіх шлюбаў Тэрэза цяжка захварэла і нават была часткова паралізаваная. У той жа час у яе з’яўляюцца містычныя бачанні. Дзякуючы гэтым незвычайным духоўным перажыванням Тэрэза ад Езуса вырашыла імкнуцца да абсалютнай дасканаласці. Паколькі нават жыццё ў яе кляштары здавалася ёй недастаткова аскетычным, у 1562 г. святая заснавала ў Авіле першы рэфармаваны кармэліцкі кляштар, у якім значна больш увагі прысвячалася малітве, самотнасці, суровай аскезе. Праз шэсць гадоў заахвочаны яе прыкладам святы Ян ад Крыжа рэфармаваў мужчынскую галіну ордэна, даючы пачатак босым кармэлітам. За сваю рэфарматарскую дзейнасць святая Тэрэза ўвесь час цярпела ад нападаў і крытыкі нядобразычліўцаў. Знясіленая нястомнаю працаю, а таксама вялікімі фізічнымі і духоўнымі пакутамі, Тэрэза памерла 4 кастрычніка 1582 г. Свой містычны вопыт яна перадала ў кнігах, якія з’яўляюцца неацэнным духоўным скарбам для ўсяго Касцёла; найбольш вядомая з іх — «Унутраны замак». Тэрэза ад Езуса, вядомая таксама як Тэрэза Вялікая або Авільская, — гэта адна з самых вялікіх святых жанчын Касцёла. Яна з’яўляецца апякункай Іспаніі, і яе заступніцтва просяць пры душэўных пакутах, а таксама ад болю сэрца і галавы.

17 (чацвер) – успамін св. Ігнацыя з Антыёхіі, біскупа і мучаніка
Ігнацый — адзін з першых сведкаў Хрыста. Яго называлі Тэофорос — з грэцк. «той, хто нясе Бога», або «несены Богам», звязваючы гэта з тым, што св. Ігнацый быў тым дзіцем, якога Хрыстус, узяўшы на рукі, паставіў перад вучнямі са словамі: «Хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае» (гл. Мк 9, 36–37). Св. Ігнацый быў вучнем св. Яна Багаслова і на працягу сарака гадоў з’яўляўся біскупам Антыёхіі, у той час значнага горада ў Малой Азіі на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Пры цэзары Траяне Ігнацый быў асуджаны на смерць і разам з іншымі хрысціянамі высланы ў Рым. Падчас гэтага цяжкага падарожжа ён напісаў сем «святых лістоў», у якіх звяртаўся да хрысціянскіх супольнасцяў у розных гарадах. Менавіта ў гэтых лістах упершыню з’яўляецца паняцце «Каталіцкі Касцёл». Ён таксама пісаў сваім братам у веры, што жадае прыняць мучаніцкую смерць, бо перапоўнены палымянай любоўю да Хрыста, без якога ён — нішто. У сталіцы імперыі на арэне Калізея Ігнацый быў аддадзены на разарванне дзікім звярам. Мужна прымаючы смерць, стары біскуп сказаў: «Я — пшаніца Хрыстовая, таму павінен быць змолатым зубамі дзікіх звяроў, каб стаць сапраўдным хлебам».

18 (пятніца) – Свята св. Лукі, Евангеліста
Аўтар трэцяга Евангелля і Дзеяў Апосталаў паходзіў з Сірыі. Па прафесіі ён быў лекарам, пра што гаворыцца ў лісце св. апостала Паўла да Каласянаў. Лука, выхаваны ў паганстве, быў, хутчэй за ўсё, навернуты апосталам Паўлам і, далучыўшыся да яго паміж 50 і 51 гг., быў яго спадарожнікам на працягу 17 гадоў аж да самай смерці Апостала народаў. Пасля гэтага жыццё і дзейнасць Лукі праходзілі ў Грэцыі, дзе былі напісаныя яго Евангелле і Дзеі апосталаў і дзе евангеліст памёр мучаніцкай смерцю ва ўзросце 84 гадоў. Сімвалам св. Лукі з’яўляецца вол, і гэта тлумачыцца тым, што евангеліст быў цярплівым і верным, як гэтая жывёла. Св. Луку называюць «песняром Божай міласэрнасці», бо толькі ў яго Евангеллі змешчана прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца. Ён таксама вельмі кранальна апісвае вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, і таму лічыцца, што менавіта ён намаляваў першыя абразы Багародзіцы. Св. евангеліст Лука з’яўляецца апекуном лекараў, мастакоў і хрысціянскага мастацтва. Яго імя носіць цэнтр «Карытас», размешчаны пад Мінскам.
У гэты дзень запрашаем працаўнікоў службы аховы здароўя на св. Імшу ў катэдру а 18.30, а потым на спатканне.

1. Праз увесь месяц кастрычнік ў нашай капліцы адбываюцца ружанцовыя набажэнствы а 18.30 у буднія дні, у нядзелю пасля св. Імшы на 18.00. Ружанцовае набажэнства для дзетак - у суботу а 13.00.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

3. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1-2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць ў закрыстыю спісы вашых памерлых. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне. Набажэнствы за памерлых адбудуцца з 1 па 8 лістапада: у 18.30 набажэнства, а 19.00 святая Імша (нядзеля 17.30); кожную сераду і пятніцу лістапада – набажэнства ў 18.30.

4. 18 кастрычніка ў 18.00 распачнецца малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы”. Ужо пяты год мы зноў хочам аб’яднацца з дзецьмі з Беларусі і супольна далучыцца да сусветнага дня малітвы аб міры і еднасці ва ўсім свеце. Шчырая дзіцячая малітва, якая праслаўляе Бога, самая чыстая. Такі зварот неадкладна будзе пачуты Госпадам, бо ён будзе ісці ад самага сэрца.

5. Сёння распачынаем Навэнну да св. Яна Паўла II. Запрашаем далучыцца да малітвы кожны дзень пасля святой Імшы, або асабіста дома.

6. Ёсць новы нумар часопісу “Ave Maria”, а таксама каляндары на новы год.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.