Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, асабліва за працы выкананыя падчас учарашняга суботніка, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
30 (панядзелак) – успамін св. Гераніма, прэзбітэра і доктара Касцёла
Нарадзіўся каля 347 г. у Стрыдоне (Далмацыя). Вучыўся ў Рыме і там прыняў хрост, а пазней далучыўся да кола сяброў, якія вялі аскетычнае жыццё. Некалькі разоў здзяйсняў паломніцтвы на Усход і пэўны час жыў у поўным адасабленні ў адной манаскай супольнасці ў Сірыі. Маючы каля трыццаці гадоў, Геранім прыняў у Антыёхіі святарскае пасвячэнне і накіраваўся ў Канстанцінопаль, дзе пазнаёміўся са св. Грыгорыем Назіянзскім і перакладаў тэксты касцёльных пісьменнікаў першых стагоддзяў. Пазней ён вярнуўся ў Рым і пэўны час быў сакратаром Папы Дамаса І. Пасля смерці Папы Геранім наведаў Егіпет і нарэшце пасяліўся ў Бэтлееме. Там ён заснаваў шмат мужчынскіх і жаночых кляштараў, а затым цалкам прысвяціў сябе тэалогіі, пісьменніцкай і перакладчыцкай дзейнасці. Геранім з’яўляецца аўтарам перакладу Святога Пісання — Вульгаты — агульнапрынятага ў Касцёле перакладу Бібліі на лацінскую мову, а таксама біблейскіх каментарыяў, нарысаў гісторыі старажытнахрысціянскай літаратуры і жыццяпісаў святых. Геранім памёр у Бэтлееме 30 верасня 419 або 420 г. Яго рэліквіі спачываюць у базыліцы Санта Марыя Маджорэ ў Рыме. Святы з’яўляецца апекуном тэолагаў і перакладчыкаў.
1 (аўторак) – успамін св. Тэрэсы ад Дзіцятка Езус, панны і доктара Касцёла
Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў. Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.
2 (серада) – успамін святых Анёлаў Ахоўнікаў
4 (пятніца) – успамін св. Францішка Асіскага
5 (субота) – успамін св. Фаўстыны Кавальскай, панны
1. На гэтым тыдні прыпадаюць:
• першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
• першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць дадатковая святая Імша а 12.00. Пасля вечаровага набажэнства запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць для сем’яў.
• першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Набажэнства а 18.30.
• наступная нядзеля - першая нядзеля месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на кастрычнік: Молімся аб любові да ружанцовай малітвы ў нашых сем’ях. За кіраўнікоў і членаў нашых парафіяльных супольнасцяў, каб праз малітву, фармацыю і апостальскую дзейнасць, яны сталі надзейнымі сведкамі Евангелля і будавалі Касцёл, які ёсць супольнасцю.
2. Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы будуць ладзіцца ружанцовыя набажэнствы а 18.30 у буднія дні, у нядзелю пасля св. Імшы на 18.00. Адказныя за правядзенне набажэнстваў:
Панядзелак – Маці ў малітве
Аўторак – І Ружа Ружанцовая
Серада – сем’і Суполак Маці Божай END
Чацвер – моладзь
Пятніца – ІІ Ружа Ружанцовая
Субота – ІІІ Ружа Ружанцовая
Ружанцовае набажэнства для дзетак - у суботу а 13.00.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
4. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на дыяцэзіяльныя мэты.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.