Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
23 (панядзелак) – успамін св. Піо з П’етрэльчыны, прэзбітэра
Айцец Піо (Франчэско Фарджонэ) нарадзіўся 25 мая 1887 г. у мястэчку П’етрэльчына ў паўднёвай Італіі ў шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яго было яшчэ сямёра дзяцей. Яго маці распавядала, што з самага пачатку яе сын вылучаўся надзвычай ветлівымі паводзінамі. Яшчэ ў дзяцінстве ён меў страшнае бачанне пекла, якое мог перанесці толькі дзякуючы моцнай веры, умацаваны Езусам і Анёлам Ахоўнікам. У выніку нападаў д’ябла ў яго пагоршылася здароўе і ён быў блізкі да смерці. Слабы, але ўмацаваны духоўна, ён уступіў у 16 гадоў у ордэн капуцынаў, дзе распачаў глыбокае жыццё вучобы і малітвы, у духу ўбоства і пакаяння. У той час ён прыняў манаскае імя брата Піо з П’етрэльчыны. Вечныя манаскія абяцанні Піо прынёс 27 студзеня 1907 г., праз тры гады прыняў святарскае пасвячэнне. Вайсковай службы ён пазбег з-за стану здароўя і ў ліпені 1916 г. прыбыў у кляштар у Сан-Джаванні-Ратонда, дзе жыў да самай смерці. У 1918 г. у яго з’явіліся першыя стыгматы на далонях. Пасля гэтага здарэння ў кляштар пацягнуліся журналісты, навукоўцы і медыкі, а таксама шмат іншых цікаўных людзей.
27 (пятніца) – успамін св. Вінцэнта дэ Поля, прэзбітэра
Нарадзіўся 24 красавіка 1581 г. у мястэчку Пуі ў французскай Гасконі, якое сёння ў гонар святога называецца Сэн-Вэнсан-дэ-Поль. Бацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросце ён стаў святаром і праз дванаццаць гадоў святарскага служэння быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 г. святар прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 г. — законную супольнасць Місій, заданнем якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаванне духавенства. Паколькі сядзіба супольнасці Місій знаходзілася побач з парыжскім касцёлам святога Лазара, законнікаў пачалі называць лазарыстамі. У 1633 г. Вінцэнт дэ Поль разам з Луізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасць Дачок міласэрнасці, вядомых пад назваю шарыткі (ад французскага слова charity — міласэрнасць). Адданы святар, служыцель бедных, апякун сіротаў і хворых арганізоўваў сталоўкі для простага народу, а таксама палявыя шпіталі (лазарэты) падчас крывавых паўстанняў супраць каралеўскай улады, што адбываліся ў краіне ў сярэдзіне XVII ст. На момант яго смерці 27 верасня 1660 г. у Францыі існавала ўжо каля 800 місій лазарыстаў, якія пазней распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Святы лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў.
1. Запрашаем на суботнік каля капліцы, які адбудзецца 28 верасня а 10:00.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. У кожную сераду - катэхеза для дарослых. “Пазнай нанава сваю веру” – такая тэма праз наступны год, разважаючы змест Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Сардэчна запрашаем! Пачатак а 19:45.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.