Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Дзякуем за добрыя словы і віншаванні з нагоды 10-годдзя працы хрыстусоўцаў у нашай парафіі!! Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем
і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

16 (панядзелак) – успамін св. Карнэлія, папы, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў
Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена. Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі. Святы Карнэлій з’яўляецца апекуном земляробаў. Яго заступніцтва просяць пры хваробах вушэй і пры канвульсіях, а Кіпрыяна — аб выратаванні ад чумы.

18 (серада) – успамін св. Станіслава Косткі, законніка
Нарадзіўся 28 кастрычніка 1550 г. у Расткове (Польшча). У чатырнаццацігадовым узросце разам з братам пераехаў у Вену, каб вучыцца там у імператарскай гімназіі, якой займаліся езуіты. Там ён вырашыў сам уступіць у Таварыства Езуса, але бацькі не далі на гэта згоды, паколькі лічылі, што іх сын павінен зрабіць бліскучую свецкую кар’еру. Нягледзячы на вельмі малады ўзрост, Станіслаў праявіў незвычайную паслядоўнасць і рашучасць. Не маючы яшчэ і семнаццаці гадоў, ён патаемна ўцёк з Вены ў Баварыю, разлічваючы, што яго прыме ў ордэн правінцыял нямецкіх езуітаў Пётр Канізій. Аднак там яго чакаў адмоўны адказ. Не губляючы надзеі, Станіслаў кіруецца ў Рым, і там нарэшце яго жаданне здзяйсняецца: у кастрычніку 1567 г. яго прымаюць у навіцыят. Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 15 жніўня 1568 г. Станіслаў Костка памірае ў арэоле святасці. Ён быў пахаваны ў рымскім касцёле святога Андрэя і ў 1726 г. кананізаваны. У Польшчы святы Станіслаў Костка лічыцца апекуном моладзі.

20 (пятніца) – успамін св. Андрэя Кім Таэгон, прэзбітэра, Паўла Чон Хасан і паплечнікаў, мучанікаў
Кім Таэгон нарадзіўся 21 жніўня 1821 г. у Карэі ў сям’і хрысціянаў і пры хросце атрымаў імя Андрэй. Нягледзячы на жорсткі пераслед хрысціянскай веры, які лютаваў тады ў Карэі, Андрэй Кім захаваў ёй вернасць і ў 1845 г. прыняў у Шанхаі (Кітай) святарскае пасвячэнне, стаўшы першым каталіцкім святаром карэйскага паходжання. Рызыкуючы жыццём, ён вярнуўся на радзіму, пасля чаго дапамог таксама іншым святарам прабрацца ў Карэю. Праз год пасля пасвячэння, 16 верасня 1846 г., у Сеуле, Андрэй быў арыштаваны і бязлітасна забіты праз адсячэнне галавы. У гады пераследу хрысціянства ў Карэі загінула шмат іншых хрысціянаў, сярод якіх вядомы сваім адданым апостальскім служэннем свецкі вернік Павел Чон Хасан. Ён прыняў мучаніцкую смерць ва ўзросце 44-х гадоў 22 верасня 1839 г. пасля доўгіх катаванняў, якімі яго спрабавалі прымусіць адрачыся ад «чужой рэлігіі». У 1984 г. Папа Ян Павел ІІ кананізаваў 103 карэйскіх мучанікаў, якія аддалі жыццё за веру. Святога Андрэя Кім Таэгона асаблівым чынам ушаноўваюць у яго на радзіме, перш за ўсё мясцовыя святары.

21 (субота) – Свята св. Мацея, Апостала і евангеліста
У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: «Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім». Гэтае Евангелле з’явілася каля 41 – 42 гг. і, паводле старажытных сведчанняў і заключэння Біблейскай камісіі, было напісана на габрэйскай мове. Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка. Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму.

1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2024/2025 навучальны год. Заняткі пачаліся 9 верасня. У сакрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара, у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, далучыцца да ЭРМ, а таксама ў парафіяльны хор і польскі хор «BARKA». Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў, а таксама ў школу нашай парафіі Яна Паўла ІІ.
4. Запрашаем на аўтобусную пілігрымку ў Баруны, якая адбудзецца 28 верасня, перад каранацыяй цудоўнага абразу Маці Божай біскупскімі каронамі. Запісацца можна ў сакрыстыі. Кошт 40 руб.
5. У суботу 21 верасня 2024 г. у касцёле святога Антонія ў Мінску (мікрараён Малінаўка, вул. Ясеніна, 70) адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху "Маргарытка" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пачатак сустрэчы ў 9.00. У праграме духоўная канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанец за святароў і кансэкраваных асоб, Святая Імша і сустрэча пры каве/гарбаце. Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных.
6. Ад серады 18 верасня распачынаецца катэхеза для дарослых. “Пазнай нанава сваю веру” – такая тэма праз наступны год, разважаючы змест Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Сардэчна запрашаем! Пачатак а 19:45.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.