Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
12 (чацвер) – успамін Найсвяцейшага Імя Марыі
13 (пятніца) – успамін св. Яна Залатавуснага (Хрызыстома), біскупа і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны». У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 407 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё». Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра. Ян Залатавусны з’яўляецца найбольш знакамітым доктарам усходняй Царквы. Папа Пій Х абвясціў яго апекуном прапаведнікаў.
14 (субота) – Свята Узвышэння Святога Крыжа
1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2024/2025 навучальны год. Пачатак заняткаў 9 верасня 2024 г. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу.
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара, у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, далучыцца да ЭРМ, а таксама ў парафіяльны хор і польскі хор «BARKA». Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў, а таксама ў школу нашай парафіі Яна Паўла ІІ.
4. Ёсць новы нумар часопісу «Дыялог». Запрашаем і заахвочваем да чытання каталіцкай прэсы.
5. Запрашаем на аўтобусную пілігрымку ў Баруны, якая адбудзецца 28 верасня, перад каранацыяй цудоўнага абразу Маці Божай біскупскімі каронамі. Запісацца можна ў сакрыстыі. Кошт 40 руб.
6. 13 верасня дзень нараджэння святкуе кс. Алег, шчыра віншуем і памятаем пра яго ў сваіх малітвах!
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.