Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, якія сёння прызначаюцца на патрэбы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Шчыра дзякуем за ўсялякую аказаную дапамогу, асабліва моладзі і дарослым пры правядзенні сёлетніх “Канікул з Богам”, таксама дзякуем за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

3 (аўторак) – успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы. Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.

1. Cёння першая нядзеля месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на верасень: Молімся за дзяцей і моладзь з нашых сем’яў, аб Божым благаслаўленні на час навукі ў школе і на катэхезе; аб апецы Маці Божай у справе будовы парафіяльнага касцёла.

2. На гэтым тыдні прыпадаюць:
першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь). Дадатковая святая Імша а 12.00. Пасля вечаровага набажэнства запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць для сем’яў.
першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Імша на заканчэнне адарацыі а 8.00. Набажэнства а 18.30.

3. У сувязі з рашэннем сястры Правінцыяльнай, ад 1 верасня ў нашай парафіі адбыліся парсанальныя змены. с. Марыянна і с. Фаўстына накіроўваюцца на душпастэрскае служэнне ў Гродна. Да нас былі скіраваныя с. Юзэфа і с. Даніеля. Вітаем новапрызначаных сясцёр у нашай парафіі!

4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

5. Нагадваем, што з 1 верасня змяніўся расклад набажэнстваў: СВЯТАЯ ІМША Ў НЯДЗЕЛЮ: 9.00, 10.30, 12.00, 13.30, 18.00, у суботу: 8.00 і 19.00, у будні: 7.00 і 19.00.

6. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2024/2025 навучальны год, які ўжо будзе ўсталяваны на гэтым тыдні. Пачатак заняткаў 9 верасня 2024 г. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу.

7. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара, у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, далучыцца да ЭРМ, а таксама ў парафіяльны хор і польскі хор «BARKA». Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў, а таксама ў школу нашай парафіі Яна Паўла ІІ.

8. Ёсць новы нумар часопісу «Дыялог». Запрашаем і заахвочваем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.