Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
26 (панядзелак) – успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай
27 (аўторак) – успамін св. Монікі
Моніка, маці святога Аўгустына Гіпонскага, нарадзілася ў 331 г. у Тагасце (Алжыр). Яна ў маладым узросце выйшла замуж і навярнула свайго мужа-язычніка ў хрысціянства. У іх было трое дзяцей, якіх Моніка выхоўвала ў хрысціянскай веры. Яна вельмі перажывала за свайго сына Аўгустына, калі бачыла, як ён падчас вучобы ў Карфагене пачаў аддаляцца ад Хрыста і не рэагаваў на просьбы маці прыняць хрост. Аднак Моніка не пакідала надзеі і, паўсюль следуючы за сынам, увесь час малілася за яго, пакуль у 387 г. Аўгустын не быў навернуты святым Амброзіем у сапраўдную веру і ахрышчаны. Моніка памерла ў Остыі (Італія) у кастрычніку 387 г. Яе ўспамін Касцёл адзначае за дзень да ўспаміну святога Аўгустына. Святая Моніка з’яўляецца апякункаю жанчын і хрысціянскіх маці, якія праз яе заступніцтва просяць збаўлення душаў сваіх дзяцей.
28 (серада) – успамін св. Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла
Аўгустын нарадзіўся 13 лістапада 354 г. у Тагасце ў Нумідыі (сучасны Алжыр). Яго бацька быў паганінам, а маці, святая Моніка, хрысціянкай, якая выхоўвала траіх сваіх дзяцей у веры. Аднак падчас вучобы ў Карфагене Аўгустын адышоў ад Хрыста: ён паддаўся ўплыву маніхейскай секты і жыў у пазашлюбным саюзе з жанчынаю, ад якой у яго нарадзіўся сын Адэадат. Маці Моніка вельмі перажывала за Аўгустына, нястомна спадарожнічала яму паўсюль, куды б ён ні пераязджаў, сваімі словамі і малітвамі ўвесь час спрабуючы навярнуць сына. Нарэшце, апынуўшыся ў Медыялане (сучасны Мілан), Аўгустын пачуў казанне св. біскупа Амброзія, што паспрыяла яго канчатковаму навяртанню. На пасху 387 г. Аўгустын прыняў з рук св. Амброзія сакрамэнт хросту ў прысутнасці сваёй маці Монікі, якая неўзабаве пасля гэтага памерла. Вярнуўшыся ў Афрыку, Аўгустын разам з групай аднадумцаў распачынае законнае жыццё, прымае святарскае пасвячэнне, а яшчэ праз нейкі час становіцца біскупам горада Гіпона ў Паўночнай Афрыцы і спаўняе гэтае служэнне 34 гады. Яго працы па тэалогіі і філасофіі вызначылі кірунак хрысціянскай навукі на многія стагоддзі. Яго найважнейшымі працамі з’яўляюцца: «Confessiones» («Вызнанні») і «De civitate Dei» («Пра Божую дзяржаву»). Аўгустын памёр 28 студзеня 430 г. падчас аблогі Гіпона вандаламі. Святы лічыцца адным з найбольшых заходніх Айцоў Касцёла; складзеным ім манаскім статутам да гэтага часу карыстаюцца многія законныя супольнасці. Святы з’яўляецца апекуном тэолагаў, друкароў і півавараў. Успамін яго маці, святой Монікі, адзначаецца напярэдадні.
29 (чацвер) – успамін мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля
1. Заўтра 26 жніўня запрашаем дзяцей і моладзь на “Канікулы з Богам”, пачатак а 8.30.
2. У сувязі з рашэннем сястры Правінцыяльнай, ад 1 верасня ў нашай парафіі адбудуцца парсанальныя змены. с. Марыянна і с. Фаўстына накіроўваюцца на душпастэрскае служэнне ў Гродна. Да нас прыходзяць с. Юзэфа і с. Даніеля. Дзякуем сёстрам за душпастырскае служэнне і даручаем іх апецы Маці Божай.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
4. Нагадваем, што з 1 верасня зменіцца расклад набажэнстваў: СВЯТАЯ ІМША Ў НЯДЗЕЛЮ: 9.00, 10.30, 12.00, 13.30, 18.00, у суботу: 8.00 і 19.00, у будні: 7.00 і 19.00
5. У наступную нядзелю 1 верасня адбудзецца асвячэнне школьных прыладаў і благаслаўленне дзяцей і моладзі на новы катэхетычны і навучальны год пасля кожнай святой Імшы. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2024/2025 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў 9 верасня 2024 г.
6. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, а таксама ў парафіяльны хор і польскі хор «BARKA». Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў. Запрашаем у польскую школу нашай парафіі Яна Паўла ІІ.
7. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.