Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

14 (серада) – Успамін св. Максіміліяна Марыі Кольбэ, прэзбітэра і мучаніка
Нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы і на хросце атрымаў імя Раймунд. У 1907 г. разам з братам Францішкам распачаў вучобу ў ніжэйшай францішканскай семінарыі ў Львове. Працягваў вучобу ў Рыме, дзе атрымаў доктарскую ступень. У 1918 г. прыняў святарскае пасвячэнне і праз год вярнуўся ў Польшчу. З 1920 да 1925 г. айцец Максімільян жыў і працаваў у Гродне. З 1922 г. пачаў выдаваць у Кракаве часопіс «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Беззаганнай»). Па яго ініцыятыве пад Варшавай быў пабудаваны кляштар, які атрымаў назву Непакалянава ў гонар Беззаганнай Панны.
У 1930 г. разам з чатырма братамі айцец Максімільян накіраваўся на Далёкі Усход і заснаваў у Нагасакі місіянерскі асяродак. Праз 6 гадоў вярнуўся ў Польшчу і стаў гвардыянам Непакалянава. Ён хацеў, каб такія ж «Непакалянавы» з’явіліся ў кожнай краіне, але гэтую задуму не ўдалося ажыццявіць, бо пачалася ІІ сусветная вайна. У 1941 г. айцец Максімільян быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцім. Там ён дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за асуджанага на смерць чалавека, які меў сям’ю. Апынуўшыся ў бункеры смерці, ён правёў там разам з іншымі асуджанымі два тыдні без ежы і піцця. 14 жніўня 1941 г. яго, дашчэнту знясіленага, дабілі, увёўшы смяротную ін’екцыю. Святы Максімільян, жыццё якога было звязана таксама і з нашаю краінаю, з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.
Набажэнства а 18.30, ушанаванне рэліквіі пасля Імшы.

15 (чацвер) – Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны
Імша святая а 12.00 і 19.00

1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
2. 26-30 жніўня запрашаем дзяцей і моладзь на “Канікулы з Богам”. Фармуляр для запісу дзяцей можна ўзяць ў сакрыстыі. Кошт 70 руб. Запісы да 22 жніўня.
3. Да 20 жніўня адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Мінскі тэалагічны каледж iмя св. Яна Хрысціцеля на 2024-2025 навучальны год. Усе падрабязнасці на дошцы аб’яваў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях,
а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.