Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
6 (аўторак) – Свята Перамянення Пана. Імша св. а 12.00 і 19.00
8 (чацвер) – успамін св. Дамініка, прэзбітэра
Дамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым. За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканцаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці закона сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць закону (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя). Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў. Яго заступніцтва просяць ад граду і гарачкі.
9 (пятніца) – Свята св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад крыжа, панны і мучаніцы, Апякункі Еўропы
Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у жыдоўскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцерых дзяцей у жыдоўскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва універсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля.
Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа.
Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за «расавую чысціню», Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблемаў для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася «чыстка». Сясцёр Штайн арышта- валі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Папам Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы.
10 (субота) – Свята св. Лаўрэнція, дыякана і мучаніка
Паводле падання, Лаўрэнцій паходзіў з Іспаніі. Ён быў дыяканам і служыў пры св. Папе Сіксце ІІ, з якім яго звязвалі блізкія сяброўскія адносіны. 6 жніўня 258 г. падчас пераследу цэзара Валяр’яна Папу і чацвярых яго дыяканаў, у тым ліку і Лаўрэнція, арыштавалі падчас набажэнства ў рымскіх катакомбах Калікста. Папу ў той жа дзень адсеклі галаву (успамін св. Сікста ІІ, папы і мучаніка, адзначаецца 7 жніўня), а праз чатыры дні мучаніцкую смерць прыняў таксама і Лаўрэнцій: ён быў зажыва засмажаны. Перад смерцю цэзар патрабаваў у яго выдаць багацці хрысціянаў, на што святы, паказваючы на жабракоў, сказаў: «Вось сапраўднае багацце Касцёла!» Цела святога Лаўрэнція спачывае ў базыліцы, што носіць яго імя і з’яўляецца адным з найважнейшых касцёлаў Рыма, а галава святога — адна з найкаштоўнейшых рэліквій хрысціянства — захоўваецца ў Ватыкане. Святога Лаўрэнція заўсёды ўшаноўвалі і на Захадзе, і на Усходзе, а ў Рыме ён займае трэцяе месца пасля святых апосталаў Пятра і Паўла ў іерархіі культу. Святы лічыцца апекуном пажарных, яго заступніцтва просяць пры хваробах скуры, а таксама ад пажараў і мукаў чысца.
1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
2. 26-30 жніўня запрашаем дзяцей і моладзь на “Канікулы з Богам”. Падрабязная інфармацыя і рэгістрацыя ўдзельнікай распачнецца ў наступную нядзелю.
3. Да 20 жніўня адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Мінскі тэалагічны каледж iмя св. Яна Хрысціцеля на 2024-2025 навучальны год. Усе падрабязнасці на дашцы аб’яваў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.