Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
29 (панядзелак) – успамін святых Марты, Марыі і Лазара
31 (серада) – успамін св. Ігнацыя Лаёлы, прэзбітэра
1 (чацвер) – успамін св. Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і доктара Касцёла
Нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у прадмесці Неапаля ў Італіі. У 16-гадовым узросце атрымаў тытул доктара права і на працягу 10-ці гадоў працаваў адвакатам. Расчараваўшыся ў адвакацкай дзейнасці, вырашыў распачаць новае жыццё і ў 1726 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Напачатку Альфонс займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод вясковага насельніцтва ў ваколіцах Неапаля.
У 1732 г. заснаваў манаскую супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля — ордэн рэдэмптарыстаў, мэтаю якога стала абвяшчэнне Евангелля духоўна занядбаным і бедным з дапамогаю місій і рэкалекцый. Простыя людзі вельмі любілі
і паважалі Альфонса, які быў добрым прапаведнікам і спаведнікам. У 1762 г. Папа прызначыў яго біскупам адной невялікай дыяцэзіі непадалёк ад Неапаля. Альфонс Марыя Лігуоры памёр 1 красавіка 1787 г. Сярод яго шматлікіх твораў найбольш вядомымі сталі «Маральная тэалогія» і «Homo apostolicus» («Апостальскі чалавек»). Святы з’яўляецца апекуном спаведнікаў, духоўных кіраўнікоў і тэолагаў.
2 (пятніца) – з нагоды успаміну Маці Божай Анёльскай, можна атрымаць поўны адпуст за наведванне парафіяльнага касцёла.
1. Сёння пасля кожнай святой Імшы адбудзецця благаслаўленне транспартных сродкаў і малітва за вадзіцеляў з нагоды ўспаміну св. Крыштафа.
2. На гэтым тыдні прыпадаюць:
• першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
• першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь). Дадатковая святая Імша а 12.00. Пасля вечаровага набажэнства запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць для сем’яў.
• першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Імша на заканчэнне адарацыі а 8.00. Набажэнства а 18.30.
наступная нядзеля – першая месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на жнівень: Молімся аб цвярозасці ў сем’ях нашай парафіі і ўсяго народа. Аб апецы Маці Божай у справе будовы парафіяльнага касцёла.
3. 3 жніўня (субота) а 12.00 у катэдры плануецца ўдзяленне дыяканскага пасвячэння клерыку Аляксандру Шыманскаму, які паходзіць з нашай парафіі і цяпер знаходзіцца на практыцы ў парафіі імя НПМ у Мінску. Просім аб малітве за Аляксандра, каб дабра прыгатаваўся да годнага прыняцця дыяканату, а таксама запрашаем на пасвячэнні.
4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
5. Да 20 жніўня адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Мінскі тэалагічны каледж iмя св. Яна Хрысціцеля на 2024-2025 навучальны год. Усе падрабязнасці на дашцы аб’яваў.
6. Ёсць новы нумар часопісу “Наша вера”, заахвочваем да чытання каталіцкай прэсы.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.