Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні, якія сёння прызначыюцца на дыяцэзіяльныя мэты, за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

11 (чацвер) – Свята св. Бэнэдыкта, абата, апекуна Еўропы
Святы Бэнэдыкт — айцец манаства на хрысціянскім Захадзе — нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў жыць пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралося шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіно. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў. У Монтэ Касіно Бэнэдыкт напісаў статут, які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду. Заснаваны ім ордэн бэнэдыктынцаў на працягу стагоддзяў быў найбольш значным духоўным, культурным і навуковым асяродкам Еўропы. У 590 г. бэнэдыктынец упершыню стаў Папам. Гэта быў святы Грыгорый Вялікі — славуты касцёльны рэфарматар, які пакінуў найбольш звестак пра святога Бэнэдыкта (і пазней вельмі часта на Пасадзе святога Пятра знаходзіліся менавіта бэнэдыктынцы). Такім чынам сціплы манах-пустэльнік распачаў найбольшае ў гісторыі аднаўленне Касцёла і стаў «будаўніком хрысціянскага Захаду». Святы Бэнэдыкт памёр 21 сакавіка 547 г. і быў пахаваны на Монтэ Касіно каля магілы сваёй сястры-блізняці святой Схаластыкі. Святы з’яўляецца апекуном Еўропы і ўсяго Захаду, а таксама настаўнікаў і школьнікаў. У Касцёле вельмі папулярны медалік з яго выявай, што абараняе ад злых чараў і магіі.

1. Падзяка ўсім Парафіянам, хто нам дапамог зарганізаваць і правесці пілігрымку ў Будслаў!
2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
3. З 20 чэрвеня да 20 жніўня адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Мінскі тэалагічны каледж iмя св. Яна Хрысціцеля на 2024-2025 навучальны год. Усе падрабязнасці на дашцы аб’яваў.
4. Ёсць новы нумар часопісу Дыялог, заахвочваем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.