Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

24 (панядзелак) – Урачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля

Урачыстасць не з’яўляецца “абавязковай” – вернікі не маюць абавязку ўдзелу ў святой Імшы, а таксама абавязку ўстрымання ад выканання неабавязковай працы. Святая Імша а 12.00 і 19.00
Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў «найбольшым сярод народжаных ад жанчыны», знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення дзякуючы асаблівай місіі гэтага святога быць папярэднікам Сына Божага на зямлі. Пра яго гавораць усе евангелісты. Нараджэнне святога Яна было прадказана Арханёлам Габрыэлем яго бацьку, святару Захарыю, а пры яго з’яўленні на свет прысутнічала Найсвяцейшая Панна Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Яшчэ ва ўлонні маці Хрысціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасць Месіі. Ён нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыццё. Там ён адчуў пакліканне абвяшчаць набліжэнне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяння ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з апосталаў (Андрэй, Ян). Прыняць ад яго хрост прыйшоў сам Езус, і тады Ян, паказваючы на Хрыста, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». З пачаткам служэння Езуса Хрыста святы Ян засведчыў, што яго місія завяршылася: «Яму час узрастаць, а мне памяншацца».

28 (пятніца) – успамін св. Ірэнэя, біскупа і мучаніка

Нарадзіўся каля 130 г. у Малой Азіі. Хутчэй за ўсё, быў выхаванцам святога Палікарпа. Вядома, што са 170 г. Ірэнэй быў прэзбітэрам у Ліёне (Францыя). Там у той час узнікла хрысціянская супольнасць і шмат вернікаў прынялі мучаніцкую смерць у выніку пераследу. Праз нейкі час Ірэнэй стаў біскупам Ліёна. Ён паспяхова займаўся евангелізацыяй на ўсходзе і поўдні Галіі, імкнуўся да паразумення з Касцёлам на Усходзе. Ірэнэй памёр на мяжы 200–202 гг. у Ліёне (паводле некаторых звестак ён быў замучаны). Яго рэліквіі доўгі час захоўваліся ў Ліёне і былі ў вялікай пашане, пакуль іх не знішчылі гугеноты. Святы Ірэнэй Ліёнскі па праве лічыцца адным з найбольшых тэолагаў і пісьменнікаў Заходняга Касцёла раннехрысціянскіх часоў.

29 (субота) – Урачыстасць святых Пятра і Паўла, Апосталаў

Урачыстасць “абавязковая” – вернікі маюць абавязку ўдзелу ў святой Імшы, а таксама павінны ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы. Сённяшнія зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы Апостальскай Сталіцы. Святая Імша а 12.00 і 19.00
Святыя апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца падмуркам Касцёла. Наступнікам Пятра з’яўляецца Папа Рымскі, які працягвае яго служэнне ў Касцёле.

1. Праз увесь месяц чэрвень штодня а 18.00 запрашаем на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і “Чэрвеньскае набажэнства” а 18.30 на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У нядзелю набажэнства таксама а 18.30 перад св. Імшой.

2. 27 чэрвеня ў чацвер свае імяніны святкуе кс. Уладзімір. Запрашаем на святую Імшу а 19.00, каб павіншаваць і памаліцца за Імянінніка.

3. Запрашаем таксама запісвацца на аўтобусную пілігрымку ў Будслаў на ўрачыстасць 5 ліпеня.

4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

5. З 20 чэрвеня да 20 жніўня адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступлення ў Мінскі тэалагічны каледж iмя св. Яна Хрысціцеля на 2024-2025 навучальны год. Усе падрабязнасці на дашцы аб’яваў.

6. Ёсць новы нумар часопісу Ave Maria, заахвочваем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.