Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
21 (пятніца) – успамін святога Алойзія Ганзагі, законніка
Нарадзіўся 9 сакавіка 1568 г. на поўначы Італіі. Нягледзячы на сваё высокае паходжанне, ва ўзросце 17 гадоў адмовіўся ад спадчыны і ўступіў у Рыме ў Таварыства Езуса (ордэн езуітаў). Глыбокая пабожнасць і суровы лад жыцця спалучаліся ў Алаізія з вялікаю любоўю да хворых і да ўсіх, каму была патрэбная дапамога. Падчас эпідэміі чумы, якая лютавала ў Рыме, ён аддана дапамагаў хворым і клапаціўся пра годнае пахаванне тых, хто загінуў ад пошасці. У выніку Алаізій заразіўся сам і памёр 21 чэрвеня 1591 г. ва ўзросце 23 гадоў. Яго рэліквіі спачываюць у рымскім касцёле святога Ігнацыя. Святы Алаізій Ганзага з’яўляецца апекуном моладзі і студэнтаў, а таксама тых, хто выбірае свой жыццёвы шлях. Яго заступніцтва просяць пры заразных хваробах і хваробах вачэй.
1. Праз увесь месяц чэрвень штодня а 18.00 запрашаем на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і “Чэрвеньскае набажэнства” а 18.30 на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У нядзелю набажэнства таксама а 18.30 перад св. Імшой.
2. Запрашаем запісвацца на аўтобусную пілігрымку ў Будслаў на ўрачыстасць Маці Божай, якая адбудзецца 5 ліпеня.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
4. Працаўнікоў службы аховы здароўя віншуем з прафесійным святам і запрашаем на святую Імшу ў катэдру ў аўторак 18 чэрвеня на 18:30.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.