Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

30 (чацвер) – Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
Божае Цела – распаўсюджаная назва ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.
Святая Імша а 7.00, 12.00 і 19.00
У нядзелю 2 чэрвеня плануецца правядзенне працэсіі Божага Цела ў Мінску. Пачатак а 9.00 гадзіне на Залатой Горцы. У сувязі з гэтым у нашай капліцы ў наступную нядзелю святая Імша будзе толькі а 19.00.

31 (пятніца) – Свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі

1 (субота) – успамін св. Юстына, мучаніка
Вядомы як Юстын-філосаф. Нарадзіўся каля 100 г. у Палестыне ў горадзе Флавія Неапаліс (старажытны Сыхем). Паходзіў з паганскай сям’і рымскіх арыстакратаў. Пасля знаёмства з рознымі філасофскімі вучэннямі таго часу (стаіцызм, арыстатэлізм, платанізм) звярнуўся да хрысціянства і каля 130 г. у Эфесе прыняў хрост. З васьмі вядомых працаў Юстына захаваліся толькі дзве апалогіі. У іх аўтар абараняе хрысціянаў, якіх суды Рымскай імперыі асуджалі на смерць толькі за само веравызнанне.

1. Да канца мая штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.30. Праз увесь месяц чэрвень штодня а 18.00 запрашаем на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і “Чэрвеньскае набажэнства” а 18.30 на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У нядзелю набажэнства таксама а 18.30 перад св. Імшой.

2. Нагадваем, што з 1 чэрвеня ў нашай капліцы змяняецца расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні св. Імша будзе а 19.00, а ў нядзелю: а 9.00, 10.30, 12.00, 19.00.

3. На гэтым тыдні прыпадаюць:
першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Марыі.
наступная нядзеля – першая месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на чэрвень: “Молімся аб Божым благаслаўленні і апецы Маці Божай падчас вакацый і водпуску, а таксама для ўсіх летніх душпастырскіх ініцыятываў у нашай парафіі”.

4. Інфармацыя для тых, хто запісаўся на пілігрымку ў Будслаў 1 чэрвеня на святкаванне Сусветнага дня Дзіцяці. Арганізатары просяць узяць з сабою перакус і піццё. Выезд а 8.00.

5. Распачалася рэгістрацыя на пешую пілігрымку Мінск-Будслаў 2024, якая адбудзецца 1-5 ліпеня.

6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.