Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

20 (панядзелак) – успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла
Невыпадкова са старадаўніх часоў хрысціяне пабожна ўшаноўвалі Марыю, называючы Яе Маці вучняў, вернікаў, усіх тых, хто адраджаецца ў Хрысце, а таксама Маці Касцёла, пра што сведчаць тэксты касцёльных аўтараў і вучэнне Папаў Бэнэдыкта XIV і Льва ХІІІ. На гэтай падставе благаслаўлёны Павел VI на заканчэнне Трэцяй сесіі Другога Ватыканскага Сабору 21 лістапада 1964 года абвясціў Марыю «Маці Касцёла, гэта значыць усяго хрысціянскага народа, як вернікаў, так і пастыраў, якія называюць Яе любай Маці», і заклікаў, каб «увесь хрысціянскі народ штораз больш ушаноўваў Божую Маці гэтым салодкім імем».
Гэты літургічны ўспамін нагадвае, што хрысціянскае жыццё развіваецца толькі ў тым выпадку, калі грунтуецца на таямніцы Крыжа, на ахвяры Хрыста ў Эўхарыстыі, на ахвярнай Панне, Маці Збаўцы і ўсіх збаўленых.

23 (чацвер) – Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара

У Вячэрніку Езус Хрыстус устанавіў два сакрамэнты Касцёла — Эўхарыстыі і святарства. Ён аб’яўляе сябе як Найвышэйшы Святар Новага Запавету ва ўсёй Пасхальнай таямніцы, у якой прыносіць самога сябе ў ахвяру ўміласціўлення дзеля адкуплення чалавека. Езус як Святар прыносіць адзіную збаўчую Ахвяру за грахі ўсяго свету. Магчымасць глыбей спасцігнуць і ўшанаваць гэтую таямніцу, дзякуючы за яе Богу, дае менавіта свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.

1. У маі штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.30. У нядзелю пасля Імшы а 18 гадзіне.
2. У чацвер 23 мая хочам падзякаваць Богу за святарскае служэнне кс. Уладзіміра і кс. Андрэя у чарговую гадавіну іх святарскіх пасвячэнняў. Запрашаем на святую Імшу а 19.00.
Падчас гэтай Імшы таксама будзем маліцца за вучняў 9 і 11 класа і прасіць для іх аб благаслаўленне на здачу экзаменаў. Сардэчна запрашаем.
3. У наступную нядзелю, 26 мая, дзеці з нашай парафіі прыступяць першы раз да сакраманту святой Камуніі, у сувязі з гэтым не будзе святой Імшы а 13.30.
4. 1 чэрвеня ў Будславе адбудзецца святкаванне Сусветнага дня Дзіцяці. Арганізатары запрашаюць таксама дзяцей з нашай парафіі далучыцца да гэтай душпастырскай ініцыятывы. Арганізуем аўтобусную пілігрымку для дзяцей і бацькоў. Калі дзеці едуць без бацькоў, то трэба ім дазвол, які можна ўзяць у сакрыстыі і там можна запісацца на пілігрымку. Кошт 20 руб. Запісы трываюць да 26 мая.
5. У нядзелю 2 чэрвеня плануецца правядзенне працэсіі Божага Цела ў Мінску. Пачатак а 9.00 гадзіне на Залатой Горцы.
6. Распачалася рэгістрацыя на пешую пілігрымку Мінск-Будслаў 2024, якая адбудзецца 1-5 ліпеня.
7. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
8. Ёсць новы нумар часопісу Дыялог. Заахвочваем набываць і чытаць рэлігійную прэсу.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.