Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

13 (панядзелак) – успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы
105 гадоў таму ў партугальскім мястэчку Фаціма тром маленькаім пастушкам аб’явілася Багародзіца і перадала важнае пасланне для ўсяго свету. Аб’яўленні Маці Божай Фацімскай — адны з самых вядомых і шанаваных Марыйных аб’яўленняў нашых дзён.

14 (аўторак) – Свята св. Мацея Апостала
Пасля здрады і самазабойства Юды, аднаго з дванаццаці апосталаў, было вырашана выбраць на яго месца іншага. З двух кандыдатаў, якія належалі да ліку бліжэйшых вучняў Хрыста і Яго надзейных паслядоўнікаў, жэрабе выпала на Мацея, імя якога азначае «дар Ягвэ». Ён, хутчэй за ўсё, паходзіў з Бэтлеему і быў адным з 72 вучняў, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі. Ён напэўна ўдзельнічаў ва ўсіх падзеях жыцця Хрыста, пачынаючы ад хросту ў Ярдане аж да ўваскрасення і спаслання Святога Духа. Пасля далучэння да супольнасці апосталаў Мацей навучаў у Юдэі, «за Эфіопіяй» і, магчыма, у Македоніі і Калхідзе (на Каўказе). Яму прыпісваюць шматлікія цуды. Адносна яго смерці існуюць дзве версіі. Паводле першай, Мацей памёр натуральнай смерцю ў Македоніі, а паводле другой, апостал вярнуўся ў Юдэю, дзе быў пабіты камянямі, і калі ён яшчэ жыў, нейкі жаўнер адсек яму галаву сякерай. У момант смерці яму было каля 63 гадоў. Святы Мацей лічыцца апекуном рамеснікаў, якія займаюцца будаўніцтвам, сталяроў, разьбяроў, кавалёў, а таксама ахоўнікам ад коклюшу і бясплоднасці.

16 (чацвер) – успамін св. Андрэя Баболі, прэзбітэра і мучаніка
Нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы уступіў у ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго выпраўляла духоўнае кіраўніцтва. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах. Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».
У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх брудных мэтаў розныя сілы. Адной з такіх сілаў былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. У сераду 16 мая 1657 г. казакі уварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.), дзе яны забілі ўсіх каталікоў і жыдоў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне. Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. Савецкія ўлады перавезлі рэліквіі святога ў Маскву і, як знак удзячнасці Папу за дапамогу ў час голаду на пачатку 20-х гг., перадалі іх у Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў 1938 г., рэліквіі былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, 4-м апекуном Польшчы і патронам чыгуначнікаў.

1. У маі штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.30. У нядзелю пасля Імшы а 18 гадзіне.
2. Наступная нядзеля – Спаслання Духа Святога. Хочам прыгатаваць нашыя сэрцы на гэтую Урачыстасць. Штодзённа моліся навенну да Духа Святога. У суботу 18 мая запрашаем на малітоўнае чуванне і Імшу з вігіліі спаслання Духа Святога. Чуванне распачнецца а 20.00 гадзіне, а Імша святая будзе прыкладна а 23.30.
3. 1 чэрвеня ў Будславе адбудзецца святкаванне Сусветнага дня Дзіцяці. Арганізатары запрашаюць таксама дзяцей з нашай парафіі далучыцца да гэтай душпастырскай ініцыятывы. Арганізуем аўтобусную пілігрымку для дзяцей і бацькоў. Калі дзеці едуць без бацькоў, то трэба ім дазвол, які можна ўзяць у сакрыстыі і там можна запісацца на пілігрымку. Кошт 20 руб. Запісы трываюць да 26 мая.
4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
5. Ёсць новы нумар часопісу Ave Maria, дзе можна знайсці шмат цікавай інфармацыі пра Марыю і пакору. Запрашаем і заахвочваем набываць і чытаць рылігійную прэсу.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.