Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, асабліва тым, хто прыбіраў будаўляную пляцоўку, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

29 (панядзелак) – Свята св. Кацярыны Сіенскай, панны і доктара Касцёла, апякункі Еўропы
Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў. Паводле ўласных словаў святой, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім гераічным хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі святую за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год. Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. Святая Кацярына Сіенская заслужана лічыцца найвыдатнейшай жанчынай у хрысціянстве. Яна з’яўляецца апякункай Італіі і Еўропы; яе заступніцтва просяць хворыя на чуму і тыя, хто пакутуе ад галаўных боляў.

2 (чацвер) – успамін св. Атаназія, біскупа і доктара Касцёла
Святы Атаназій Вялікі з’яўляецца адным з найбольш значных дзеячаў усходняга Касцёла. Ён нарадзіўся каля 298 г. у Александрыі ў Егіпце. У 328 г. ён становіцца біскупам Александрыі і разам з гэтым вышэйшым кіраўніком Касцёла ў Егіпце і Лівіі. Біскуп Атаназій рашуча абараняў правы Касцёла ад парушэння з боку цэзара і некаторых біскупаў, якія лічылі Атаназія занадта маладым для таго, каб займаць такое высокае становішча. Ён таксама адстойваў пастановы Нікейскага Сабору (325 г.) і нястомна змагаўся з арыянскай ерассю. З-за сваёй прынцыповай пазіцыі неаднаразова высылаўся і ўвогуле правёў у выгнанні 17 гадоў. Захавалася шмат ягоных працаў, лістоў і кніг, сярод якіх і жыццяпіс славутага пустэльніка Антонія, дзе падаюцца правілы манаскага жыцця. Гэты твор пасля Бібліі быў адной з самых папулярных кніг хрысціянскай старажытнасці. Атаназій перажыў усіх сваіх нядобразычліўцаў і памёр у Александрыі 2 мая 373 г.

3 (пятніца) – Свята Святых Філіпа і Якуба, апосталаў
У пераліку апосталаў Філіп з’яўляецца пятым. Ён быў вучнем святога Яна Хрысціцеля і паходзіў з Бэтсаіды, што на Генісарэцкім возеры, дзе працаваў рыбаком. Там яго сустрэў Езус і паклікаў у супольнасць дванаццаці апосталаў. Пасля ўваскрасення Хрыста Філіп спачатку вёў місіянерскую дзейнасць у сябе на радзіме, а пасля накіраваўся ў Фрыгію (Малая Азія), дзе навярнуў і ахрысціў шмат паганаў. Там каля 80 г., ва ўзросце 87 гадоў, апостал прыняў мучаніцкую смерць: быў прыбіты да крыжа і пабіты камянямі. Якуб Меншы (Малодшы) быў сынам Клеафаса і Марыі, сястры Найсвяцейшай Панны Марыі. Часта яго атаясамліваюць з Якубам, «братам Пана», які карыстаўся ў Ерузалеме вялікім аўтарытэтам і быў празваны «Праведны». Розныя крыніцы называюць яго таксама першым біскупам Ерузалему. У 62 г. першасвятар Анна асудзіў Якуба на смерць, і апостала скінулі са сценаў святыні, пасля чаго яго дабіў нейкі гарбар. Рэліквіі абодвух святых спачываюць у Рыме, у базыліцы Дванаццаці Апосталаў. Святыя Філіп і Якуб лічацца апекунамі капялюшнікаў, крамнікаў, гарбароў.

1. Запрашаем на парафіяльную аўтобусную пілігрымку ў Будслаў, якая адбудзецца 1 мая. Кошт - 30 рублёў для дарослых і 10 рублёў для дзяцей. На месцы будзе прыгатаваны для ўсіх пасілак, з сабою можна ўзяць салодкае печыва і напоі. Запісацца можна да 28 красавіка ў сакрыстыі. Выезд а 8.00!

2. На гэтым тыдні прыпадаюць:
першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця.
першая пятніца месяца - дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь). Дадатковая святая Імша а 12.00. Пасля вечаровага набажэнства запрашаем на ўсяночную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і святасць для сем’яў.
першая субота месяца – дзень малітваў да Беззаганнага Сэрца Марыі. Набажэнства а 18.30.
наступная нядзеля – першая месяца – молімся за Жывы Ружанец. Інтэнцыя на май: “Молімся за дзяцей з нашай парафіі, якія рыхтуюцца да прыняцця Першай Святой Камуніі. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.”

3. У маі штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.30. У нядзелю пасля Імшы а 18 гадзіне.


4. Паважаныя бацькі, заканчваюцца запісы на Канікулы з Богам 2024 для нашых дзяцей. У гэтым годзе летнік адбудзецца ў Воршы.
1-3 клас: 1-6 чэрвеня    4-7 клас: 7-12 чэрвеня
Ахвяраванне ад бацькоў - 130 рублёў. (Для інфармацыі: сабекошт арганізацыі летніка на асобу складае прыкладна 230-250 рублёў).
Калі ёсць праблемы матэрыяльныя, прашу сказаць пра гэта святарам або сёстрам, пастараемся гэта вырашыць. Колькасць удзельнікаў абмежаваная да 48 дзяцей. Прыярытэт маюць міністранты, ''Божыя ягняткі'' і Ружа ружанцовая дзяцей імя св. Тэрэскі ад Дзіцяткі Езуса.
Запісацца можна да 1 мая. Анкету можна надрукаваць дома або ўзяць на катэхезе. У маі будзе створана ў тэлеграме група бацькоў, дзеці якіх паедуць на летнік. Там будзе пададзена дата бацькоўскага сходу перад выездам.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

6. Запрашаем у суботу 4 мая а 10.00 на “суботнік”, каб прывесці ў парадак тэрыторыю будовы нашага касцёла.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі. 3 мая Імяніны святкуе с. Мар'янна, запрашаем на святую Імшу а 19.00.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.