Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

25 (чацвер) – Свята св. Марка, евангеліста
Ян, празваны Маркам, быў вучнем і перакладчыкам святога апостала Пятра, які называў яго «сваім сынам». Ён з’яўляецца аўтарам другога Евангелля, найкарацейшага з чатырох. Мяркуюць, што Марк напісаў яго па просьбе Пятра і з яго словаў. Паводле Новага Запавету, Марк быў сынам Марыі з Ерузалему, у доме якой рэгулярна збіраліся першыя хрысціяне. Марк спадарожнічаў Паўлу і свайму сваяку Барнабу ў першых місіянерскіх падарожжах у Антыёхію, а затым дапамагаў Паўлу падчас яго зняволення ў Рыме. У Вечным горадзе ён таксама блізка супрацоўнічаў з Пятром і, праўдападобна, напісаў Евангелле. Пасля мучаніцкай смерці Князя апосталаў Марк накіраваўся з місіяй на Усход. Дакладных звестак пра яго далейшы лёс засталося вельмі мала. Лічыцца, што ён быў першым біскупам Александрыі, дзе дзякуючы яго дзейнасці станавілася ўсё больш і больш хрысціянаў. Раздражнёныя гэтым пагане схапілі Марка, калі ён служыў святую Імшу, і цягнулі яго на вяроўцы па вуліцах горада. Не перажыўшы такога здзеку, на наступны дзень Марк памёр. Яго рэліквіі знаходзяцца ў катэдры Сан Марка ў Венецыі, апекуном якой ён з’яўляецца. Сімвал евангеліста — леў. Ён лічыцца апекуном пісьменнікаў і мастакоў, праз яго заступніцтва сяляне просяць добрага надвор’я і спрыяльных дажджоў.

1. Сёння распачынаецца тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. Кажны дзень запрашаем на адмысловае набажэнства перад вечаровай святой Імшой.

2. У аўторак 23 красавіка прыпадаюць Імяніны Яго Святасці Папы Францішка і Яго Эксцэленцыі баскупа Юрыя Касабуцкага. Памятайма пра шаноўных юбілярах у нашых малітвах.

3. Запрашаем на парафіяльную аўтобусную пілігрымку ў Будслаў, якая адбудзецца 1 мая. Кошт - 30 рублёў для дарослых і 10 рублёў для дзяцей. На месцы будзе прыгатаваны для ўсіх пасілак, з сабою можна ўзяць салодкае печыва і напоі. Запісацца можна да 28 красавіка ў сакрыстыі. Гадзіна выезду і план спаткання будзе пададены пазней. Сардэчна запрашаем!

4. Паважаныя бацькі, адкрываем запіс на Канікулы з Богам 2024 для нашых дзяцей. У гэтым годзе летнік адбудзецца ў Воршы.
1-3 клас: 1-6 чэрвеня
4-7 клас: 7-12 чэрвеня
Ахвяраванне ад бацькоў - 130 рублёў. (Для інфармацыі: сабекошт арганізацыі летніка на асобу складае прыкладна 230-250 рублёў).
Калі ёсць праблемы матэрыяльныя, прашу сказаць пра гэта святарам або сёстрам, пастараемся гэта вырашыць. Колькасць удзельнікаў абмежаваная да 48 дзяцей. Прыярытэт маюць міністранты, ''Божыя ягняткі'' і Ружа ружанцовая дзяцей імя св. Тэрэскі ад Дзіцяткі Езуса.
Запісацца можна да 1 мая. Анкету можна надрукаваць дома або ўзяць на катэхезе. У маі будзе створана ў тэлеграме група бацькоў, дзеці якіх паедуць на летнік. Там будзе пададзена дата бацькоўскага сходу перад выездам.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

6. Запрашаем у суботу 27 красавіка а 10.00 на “суботнік”, каб прывесці ў парадак тэрыторыю будовы нашага касцёла.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.