Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
1. Запрашаем на парафіяльную аўтобусную пілігрымку ў Будслаў, якая адбудзецца 1 мая. Кошт - 30 рублёў для дарослых і 10 рублёў для дзяцей. На месцы будзе прыгатаваны для ўсіх пасілак, з сабою можна ўзяць салодкае печыва і напоі. Запісацца можна да 28 красавіка ў сакрыстыі. Гадзіна выезду і план спаткання будзе пададены пазней. Сардэчна запрашаем!
2. Паважаныя бацькі, адкрываем запіс на Канікулы з Богам 2024 для нашых дзяцей. У гэтым годзе летнік адбудзецца ў Воршы.
1-3 клас: 1-6 чэрвеня
4-7 клас: 7-12 чэрвеня
Ахвяраванне ад бацькоў - 130 рублёў. (Для інфармацыі: сабекошт арганізацыі летніка на асобу складае прыкладна 230-250 рублёў).
Калі ёсць праблемы матэрыяльныя, прашу сказаць пра гэта святарам або сёстрам, пастараемся гэта вырашыць. Колькасць удзельнікаў абмежаваная да 48 дзяцей. Прыярытэт маюць міністранты, ''Божыя ягняткі'' і Ружа ружанцовая дзяцей імя св. Тэрэскі ад Дзіцяткі Езуса.
Запісацца можна да 1 мая. Анкету можна надрукаваць дома або ўзяць на катэхезе. У маі будзе створана ў тэлеграме група бацькоў, дзеці якіх паедуць на летнік. Там будзе пададзена дата бацькоўскага сходу перад выездам.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.