Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

8 (панядзелак) – Урачыстасць Звеставання Пана
У гэты дзень Касцёл узгадвае, як Божы пасланец анёл Габрыэль прынёс Марыі
і ўсяму чалавецтву Добрую Вестку аб збаўленні. Урачыстасць не з’яўляецца “абавязковай” – вернікі не маюць абавязку ўдзелу ў святой Імшы, а таксама абавязку ўстрымання ад выканання неабавязковай працы.
Ва ўрачыстасць Звеставання Пана Каталіцкі Касцёл асабліва падкрэслівае святасць і непарушнасць кожнага зачатага жыцця, бо не з дня нараджэння, а ўжо з моманту зачацця пачынаецца існаванне чалавека — новай унікальнай асобы, створанай на вобраз і падабенства Божыя. Таму грэх аборту — грэх дзетазабойства ва ўлонні маці — з’яўляецца адным з найцяжэйшых грахоў супраць жыцця і любові. Падчас кожнай Імшы будзе магчымасць духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Удзельнікі акцыі кожны дзень на працягу дзевяці месяцаў моляцца за адно зачатае дзіцятка, якому пагражае аборт, верачы, што дзякуючы гэтай малітве ад знішчэння ратуецца адно бясцэннае чалавечае жыццё.
Святыя Імшы а 7.00, 12.00 і 19.00.

11 (чацвер) – успамін св. Станіслава, біскупа і мучаніка
Нарадзіўся каля 1040 г. (1030 ?) у Шчапанове, на тэрыторыі сучаснай Тарноўскай дыяцэзіі ў Польшчы. Вучыўся ў Парыжы, пасля чаго прыняў святарскае пасвячэнне. У 1072 г. стаў кракаўскім біскупам. У той час польскім каралём быў Баляслаў Смелы, з якім біскуп Станіслаў напачатку плённа супрацоўнічаў. Аднак праз пэўны час з-за нейкіх невядомых прычынаў адносіны паміж манархам і біскупам пагоршыліся, у выніку чаго ў 1079 г. Станіслаў прыняў мучаніцкую смерць, а Баляслаў страціў карону і праз два гады памёр на выгнанні. Святы Станіслаў быў кананізаваны ў ХІІІ ст. і з’яўляецца адным з галоўных апекуноў Польшчы.

1. Сённяшнія зборы ахвяраванняў прызначаюцца на дыяцэзіяльныя мэты.
2. У суботу 13 красавіка прыпадае 33-я гадавіна заснавання нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.