Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і тэрыторыі вакол капліцы ў сераду і суботу, за складзеныя ахвяраванні і за аказаную дапамогу. Дзякуем нашым парафіянам якія падрыхтавалі прыгожыя вербы. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР – ІМША ВЯЧЭРЫ ПАНА (28 САКАВІКА)
Літургія Вялікага чацвярга нагадвае Апошнюю Вячэру, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і Святарства.
Імша Святая Вячэры Панскай распачнецца а 19.00.
Пасля Імшы адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцы да 22.00.

ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА МУКІ ПАНА (29 САКАВІКА)
У гэты дзень, а таксама ў наступны, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не ўдзяляе ніякіх сакрамэнтаў, акрамя пакаяння (споведзь) і намашчэння хворых. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля адарацыі і святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу.
У 18.30 Крыжовы шлях.
19.00 — літургія Мукі Пана і адарацыя крыжа. На заканчэнне адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту пры Гробе Пана да 23.00.
Вялікая Пятніца – дзень сціслага посту. Ахвяраванні сабраныя падчас адарацыі Крыжа Пана ў Вялікую Пятніцу прызначаюцца на патрэбы Гробу Пана ў Святой Зямлі.

ВЯЛІКАЯ СУБОТА (30 САКАВІКА)
У Вялікую суботу Касцёл прабывае каля Гробу Пана, разважае пра муку і смерць Хрыста, Яго сыходжаннем у адхлань (месца знаходжання памерлых, куды, згодна са Святым Пісаннем, сышоў Езус Хрыстус перш, чым уваскрэснуць), у малітве і посце чакае Яго ўваскрасення. У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша.
Капліца будзе адчынена а 9.00 і распачнецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Асвячэнне страваў на Вялікодны стол будзе адбывацца з 9.00 да 17.00 кожную гадзіну.
Пасхальная Вігілія з’яўляецца цэнтрам Святога Пасхальнага Трыдуума. У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Адзначэнне Пасхальнай Вігіліі — гэта ўжо святкаванне Вялікадня.
Пасхальная Вігілія распачнецца а 21.00.
На гэтую ўрачыстую Святую Імшу калі ласка вазміце з сабою свечкі.
Пасля Пасхальнай Вігіліі чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту праз усю ноч.

ВЯЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ – УРАЧЫСТАСЦЬ ЗМЁРТВЫХПАЎСТАННЯ ПАНА (31 САКАВІКА)
Урачыстая працэсія і Святая Імша РЭЗУРЭКЦЫЙНАЯ а 6.00.

10.30, 12.00 — урачыстыя святыя Імшы

ВЕЛІКОДНЫ ПАНЯДЗЕЛАК (1 КРАСАВІКА)

12.00, 19.00 — святая Імша

1. Сённяшнія ахвяраванні прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.

2. У панядзелак, аўторак і сераду можна скарыстаць з Сакрамэнту Пакуты перад кожнай Святой Імшой, а таксама пасля св. Імшы.

3. Можна складаць ахвяраванні на кветкі да спецыяльнай скарбонкі.

4. Пахаванне спачылага Івана Івашкевіча адбудзецца ў Налібаках хутчэй за ўсё ў сераду (больш дакладна будзе вядома пасля нядзелі).
З парафіі арганізоўваем аўтобус. Можна запісвацца ў святароў або ў сёстраў. За дарогу дарослыя складаюць дабравольнае ахвяраванне, дзеці і моладзь едуць бясплатна. Для камунікацыі ў справе выезда на пахаванне створана група ў тэлеграме (дадацца ў групу можна пры запісе).
Калі хто хоча падтрымаць і дапамагчы сям'і Івана, сродкі можна перадаць праз нас у закрыстыі.

5. Кожны аўторак у капліцы а 18.45 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

6. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.