Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
14. Папяльцовая серада
У Рымска-каталіцкім Касцёле Папяльцовая серада (Папялец) - гэта першы дзень Вялікага посту. Вялікі пост з’яўляецца перыядам супольнага пакаяння. Гэты час «праз напамін аб хросце ці праз падрыхтоўку да яго, а таксама праз пакаянне павінен настроіць вернікаў на святкаванне Пасхальнай таямніцы дзякуючы больш уважліваму слуханню Божага слова і стараннай малітве». Пакаянне выражаецца
ў шматлікіх формах, найперш - праз пост, малітву, міласціну. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.
Устрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў.
У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.
Вернікі могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы або выбраць іншыя дадатковыя формы пакаяння.
Касцёльнае права не накладае на вернікаў абавязку ўдзельнічаць у гэты дзень у Эўхарыстыі (хоць гэта звычайная практыка, якая не павінна быць адменена без важных прычын).
Святыя Імшы а 7.00, 12.00 і 19.00.
1. Сёння – Міжнародны дзень хворых. Заахвочваем і запрашаем да малітвы ў інтэнцыі хворых. Пасля кожнай святой Імшы будзе магчымасць прыняць сакрамант Намашчэння хворых.
2. У нашай капліцы ў часе Вялікага посту будуць адбывацца пакутныя набажэнствы:
• Крыжовы шлях – у пятніцу а 10.30 і а 19.00 гадзіне. Крыжовы шлях для дзяцей у суботу а 13.00. На гэтым тыдні ў пятніцу 16 лютага запрашаем суполку “Маці ў малітве” прыгатаваць і прачытаць разважанні на набажэнства крыжовага шляху.
• Песні Жальбы – у нядзелю перад Св. Імшой на 9.00 (у 8.40) і перад Св. Імшой на 12.00 (у 11.45).
• Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху а 10.30. Вечарам а 19.00 – крыжовы шлях і магчымасць прыняць Святую Камунію.
• Велікапосныя рэкалекцыі адбудуцца 14-17 сакавіка.
3. У часе Вялікана Посту, заахвочыаем усіх паклапаціцца пра сваіх хворых і калі будзе такая патрэба, запрасіць святара з сакрамэнтамі ў дом хворага.
4. Айцы марыяне з Сухарава запрашаюць на аўтобусную пілігрымку ў Росіцу, якая адбудзецца 17 лютага. Падрабязнасці ў сакрыстыі.
5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.