Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

5. Панядзелак – успамін св. Агаты, панны і мучаніцы
Маладая дзяўчына, якая, прагнучы захаваць чыстасць і вернасць Хрысту, прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі на Сіцыліі каля 250 г. Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Патокі лавы пагражалі знішчыць увесь горад, але яны спыніліся, калі жыхары Сіцыліі, просячы ў малітвах заступніцтва Агаты, паклалі на іх шляху вэлюм, што належаў святой. Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў. Яе культ хутка распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле, а імя святой згадваецца ў Рымскім Каноне. Згодна з традыцыяй, у дзень яе ўспаміну асвячаецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада і студні.

6. Аўторак – успамін св. Паўла Мікі і паплечнікаў, мучанікаў
Павел нарадзіўся ў 1562 г. у Японіі ў сям’і вайсковага капітана. У езуіцкім калегіуме атрымаў хрысціянскае выхаванне, а ў васемнаццацігадовым узросце сам уступіў у ордэн езуітаў. Неўзабаве ён стаў адным з найбольш вядомых прапаведнікаў у Японіі, дзе напрыканцы XVI ст. жыло каля 700 тысяч вызнаўцаў Хрыста. Аднак у 1590-я гады адносіны да хрысціянаў у грамадстве рэзка пагоршыліся і пачаўся іх суровы пераслед. Перш за ўсё рэпрэсіі ўладаў закранулі місіянераў. У студзені 1597 г. Павел Мікі і шмат яго паплечнікаў былі кінуты ў вязніцу і аддадзены на катаванне. 5 лютага на плошчы ў Нагасакі Павел і яшчэ 25 мужчын, яго свецкіх памочнікаў, былі ўкрыжаваны і так прынялі смерць, спяваючы гімны і праслаўляючы Бога. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі вялізнай колькасці хрысціянскіх мучанікаў, забітых у тыя часы у Японіі.

10. Субота – успамін св. Схалястыкі, панны
Была роднай сястрой св. Бенедыкта Нурсійскага. Нарадзілася ў Нурсіі (Цэнтральная Італія) каля 480 г. Рана ўступіла ў закон, жыла ў розных кляштарах у ваколіцах Рыма, пакуль, нарэшце, не ўсталявалася непадалёк ад Монтэ Касіна, дзе быў кляштар яе брата, Бенедыкта, з якім яна ўсё жыццё была моцна звязаная. Раз на год яны сустракаліся ў вясковай хаце ля падножжа Монтэ Касіна (бенедыктынскі статут не дазваляў ёй наведваць брата ў кляштары), каб абменьвацца думкамі і разам маліцца. Схалястыка прадчувала сваю смерць і памерла ў прысутнасці брата, які бачыў, як душа сястры ў выглядзе галубкі адлятала ў неба. Заступніцтва святой абараняе ад засухі і маланак.

1. Закончылася душпастырскае наведванне сем’яў нашай парафіі. Сардэчна дзякуем усім сем’ям, якія прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся.
2. 6 лютага ў Мінскай архікатэдры адбудзецца святкаванне Дня кансэкраванага жыцця. Запрашаем усіх векрнікаў да ўдзелу ў супольнай малітве. Пачатак спаткання а 10.50, святая Імша а 12.30.
3. 7 лютага – распачынаецца правядзенне “АЛЬФА КУРСА” у касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы пачатак у 19.15. Гэта хрысціянскі курс, які быў адаптаваны да каталіцкага веравучэння і сёння дапамагае многім хто жадае адкрыць сваю каштоўнасць і зразумець сэнс жыцця. Дапамагае аднавіць і ажывіць веру у Адзінага і Сапраўднага Бога. Запрашаем усіх жадаючых. Курс разлічаны на 12 спатканняў, якія праходзяць у сяброўскай і цёплай атмасферы. Запісацца можна ў cакрыстыі, або па тэлефоне, які размешчаны на плакаце на дошцы аб’яў.
4. 11 лютага – Міжнародны дзень хворых. Заахвочваем і запрашаем да малітвы ў інтэнцыі хворых. Пасля кожнай святой Імшы будзе магчымасць прыняць сакрамант Намашчэння хворых.
5. Айцы марыяне з Сухарава запрашаюць на аўтобусную пілігрымку ў Росіцу, якая адбудзецца 17 лютага. Падрабязнасці ў сакрыстыі.
6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.