Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
24 (серада) – успамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла
Жыў у 1567 – 1622 гг., быў біскупам Жэневы. З’яўляецца аўтарам вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць. Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў НПМ. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле Наведзінаў НПМ у Анэсі. Св. Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога апекуном каталіцкай прэсы.
25 (чацвер) – Свята навяртання святога Паўла, апостала
У гэты дзень прыпадае 10 гадавіна біскупскага пасвячэння бп. Юрыя Касабуцкага. Памятаем пря Яго Эксцэленцыю ў нашых малітвах.
26 (пятніца) – успамін святых Цімафея і Ціта, біскупаў
Былі вучнямі і супрацоўнікамі св. апостала Паўла. Першы быў кіраўніком касцёла ў Эфесе, а другі — на Крыце. Ім былі накіраваны пасланні Апостала народаў, т. зв. «пастырскія», у якіх знаходзяцца дасканалыя парады для пастыраў і цудоўнае навучанне для ўсіх вернікаў.
1. Дзякуем сем’ям, якія ўжо прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа дамовіцца асабіста з намі на адпаведны дзень і час. Душпастырскае наведванне сем’яў будзе трываць у нашай парафіі да канца студеня.
2. Сённня ў нашай парафіі адбудзецца VІІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ. Баль адбудзецца ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску а гадз. 15.00. Рэестрацыя ўдзельнікаў ад 14.00. У праграме: батлейка, супольнае калядаванне, конкурсы, танцы і пачастунак.
3. Папа Францішак у 2019 годзе ўстанавіў у паўсюдным Касцёле Нядзелю Божага слова з намерам, што гэта будзе дзень, асаблівым чынам прысвечаны роздуму над Святым Пісаннем і яго распаўсюджванню. Нядзеля Божага слова з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб дапамагчы людзям абудзіць разуменне аўтарытэту Святога Пісання ў жыцці кожнага верніка. Дзякуем усім, хто сёлета прыняў удзел ў ІІ мінскім Біблійным марафоне. Нас было 270 удзельнікаў!
4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў
і дабрачынцаў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.