Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:
17 (серада) – успамін св. Антонія, абата
Жыў у ІІІ стагоддзі ў Егіпце. Паходзіў з багатай сям’і, але раздаў сваю маёмасць бедным і пасяліўся ў пустыні. Праз пэўны час да яго пачалі далучацца іншыя пустэльнікі. Разам са святым Паўлам Пустэльнікам распачаў арганізацыю манаскага жыцця на Усходзе. Памёр, маючы сто гадоў, перад смерцю наказаўшы вучням пахаваць яго таемна, каб пазбегнуць пасмяротнай агалоскі, аднак адразу пасля смерці яго пачалі называць «Вялікім».
1. Дзякуем сем’ям, якія ўжо прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку на прыканцы капліцы. Душпастырскае наведванне сем’яў будзе трываць у нашай парафіі да канца студеня.
2. Сёння ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбудзецца аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў. 14.30 – вяночак да Божай Міласэрнасці, падрыхтоўка да Эўхарыстыі. 15.00 – святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і ахвярадаўцаў. 16.00 – дзяленне аплаткай, супольнае калядаванне і пачастунак.
3. У наступную нядзелю 21 студзеня ў нашай парафіі адбудзецца VІІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ. Баль адбудзецца ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску а гадз. 15.00. Рэестрацыя ўдзельнікаў ад 14.00. У праграме: батлейка, супольнае калядаванне, конкурсы, танцы і пачастунак.
4. Папа Францішак у 2019 годзе ўстанавіў у паўсюдным Касцёле Нядзелю Божага слова з намерам, што гэта будзе дзень, асаблівым чынам прысвечаны роздуму над Святым Пісаннем і яго распаўсюджванню. Нядзеля Божага слова з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб дапамагчы людзям абудзіць разуменне аўтарытэту Святога Пісання ў жыцці кожнага верніка. Адказваючы на заклік Пастыра паўсюднага Касцёла, 21 студзеня, у Нядзелю Божага слова, запрашаем усіх ахвотных да ўдзелу ў ІІ мінскім Біблійным марафоне. Сутнасць Біблійнага марафону заключаецца ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымае анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання ў Нядзелю Божага слова, разважання над ім і дзялення з іншымі тымі думкамі, што ў яго ўзніклі пад уздзеяннем Святога Духа.
5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.