Дарагія Парафіяне, Шаноўныя Госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, таксама за ахвяраванні складзеныя на будову касцёла. Дзякуем усім, хто прыняў удзел у «парафіяльным калядаванні» і сваім спевам праслаўляў нованароджанага Хрыста. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
1. Сённяшнія зборы ахвяраванняў прызначаюцца на дыяцэзіяльныя мэты.
2. Дзякуем сем’ям, якія ўжо прынялі нас па Калядзе, дзякуем за супольную малітву, дзяленне жыццём, за складзеныя ахвяраванні і дары, якімі дзеліцеся. Кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа запісацца на адпаведны дзень і час у адмысловым сшытку ля ўвахода ў капліцу.
3. У нядзелю 14 студзеня ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбудзецца аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў. 14.30 – вяночак да Божай Міласэрнасці, падрыхтоўка да Эўхарыстыі. 15.00 – святая Імша ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і ахвярадаўцаў. 16.00 – дзяленне аплаткай, супольнае калядаванне і пачастунак.
4. У нядзелю 21 студзеня ў нашай парафіі адбудзецца VІІ БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ. Арганізацыйныя падрабязнасці будуць пададзены пазней.
5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага – інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду – малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
6. У сакрыстыі можна набыць календары на новы 2024 год.
Шаноўным Братам і Сёстрам праваслаўным з нагоды святкавання Божага Нараджэння жадаем сапраўднага ўнутранага святла, супакою і радасці. Няхай нованароджаны Збаўца адорыць Вашыя сем'і адзінствам, любоўю і згодай!
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.